Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ЗАБАРАНІЛІ ІМШУ НА ЛІДЧЫНЕ


Віталь Сямашка, Лідзкі раён

Пасярод вялізнага бульбянага поля ля вёскі Малое Вольжава, што за 10 кілямэтраў ад Ліды, тры крыжы з надпісамі — “Змагарам за незалежнасьць”, “Героям паўстаньння Кастуся Каліноўскага”. Раней быў і камень з прозьвішчамі пахаваных тут ваяроў, але яго невядома куды вывезьлі яшчэ камуністы. 8 гадоў таму лідзкія патрыёты ды краязнаўцы аднавілі гэтыя сымбалі. Пасьля іх асьвячэньння штогоду тут праходзіць імша, якая зьбірае дзясяткі жыхароў навакольных вёсак, гасьцей зь Менску ды Горадні.

Але гэтым разам арганізатар акцыі старшыня Лідзкай раённай рады БНФ Уладзімер Круцікаў напярэдадні атрымаў папярэджаньне за подпісам кіраўніка мясцовай вэртыкалі Іосіфа Гайдукевіча з патрабаваньнем аформіць заяву на правядзеньне імшы. Распавядае Ўладзімер Круцікаў:

(Круцікаў: ) “Паперу мы атрымалі ўнікальную — гэта ўпершыню, каб імшу прыраўняць да мітынгаў, дэманстрацыяў ды пікетаў! Я быў у райвыканкамаўскага юрыста. Яна кажа: а вы наставіце там сьцягоў, пачняце мітынгаваць. З чаго гэта яна робіць такія высновы?!”

Іосіф Гайдукевіч ужо вызначыўся тым, што выдаў дакумэнт, паводле якога журналісты мусілі асабіста яму распавядаць пра тэмы паездак і будучых суразмоўцаў. На ягоны загад нядаўна быў зьнесены крыж у Беліцы ля пераправы празь Бярэзіну, дзе ў 1812-м годзе тутэйшыя шляхцічы восем гадзінаў стрымлівалі 30-тысячнае расейскае войска князя Хаванскага.

Загадчыца аддзелу грамадзка-палітычнае інфармацыі райвыканкаму Натальля Вайман па тэлефоне запатрабавала адмовіцца ад правядзеньння імшы мясцовага айца Рычарда. А ў навакольных вёсках хтосьці пазрываў абвесткі, але зь Ліды прыехаў айцец Андрэй. І для вяскоўцаў усё адбылося, як зазвычай.

(Спадар: ) “Я спадзяюся, над намі будзе і божае дабраславеньне, і нашая добрая воля да нашага шчасьлівага жыцьця!”

Прадстаўнікі ўлады на імшу не зьявіліся. А вынікі падсумаваў старшыня рэспубліканскай рады ТБМ Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Мы працавалі і будзем працаваць. Ліда была цэнтрам беларушчыны і будзе надалей.І ніякая вэртыкаль тут нічога ня зробіць.Тым больш, гледзячы, як прыхільна мясцовыя людзі з намі сустракаюцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG