Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЦЬКІ ЛІЦЭІСТАЎ ПАСТАНАВІЛІ ПРЫЙСЬЦІ РАЗАМ ЗЬ ДЗЕЦЬМІ Ў ЗЬЛІКВІДАВАНЫ ЛІЦЭЙ 1 ВЕРАСЬНЯ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня навучэнцы ліцэю мусяць правесьці сход новай арганізацыі, а іх бацькі свой асобны сход. Ліцэісты сёньня правядуць сход “Ліцэйскай Грамады”. 23 ліпеня быў устаноўчы сход гэтай новай моладзевай незарэгістраванай арганізацыі. Дарэчы, на сходзе большасьць выказалася за тое, каб зьвярнуцца ў Мінюст за рэгістрацыяй. Сёньня навучэнцы будуць выпрацоўваць тактыку сумесных дзеяньняў у справе захаваньня ліцэю. Ліцэісты рыхтуюць шэраг вулічных акцыяў, якія мусяць адбыцца неўзабаве. Яны вырашылі выкарыстоўваць новыя тэхналёгіі, якія ўжо прайшлі выпрабаваньне ў краінах Заходняй Эўропы.

Што тычыцца бацькоў навучэнцаў, то яны крыху раней прынялі рашэньне не хадзіць да чыноўнікаў. Яны непакояцца, што чыноўнікі могуць скарыстацца прысутнасьцю бацькоў у кабінэце і прапануюць забраць асабовыя справы дзяцей, каб потым бацькі самі ўладкоўвалі сваіх дзяцей у нейкія навучальныя ўстановы. Прадстаўнікі бацькоўскай рады патэлефанавалі ў аддзел адукацыі і прапанавалі чыноўнікам прыйсьці на бацькоўскі сход, які адбудзецца сёньня, і паведаміць тое, што тыя зьбіраліся казаць кожнаму асобна.

Бацькі навучэнцаў маюць не такі радыкальны настрой. Яны кажуць, што менавіта цяпер, калі чыноўнікі забралі асабовыя справы іх дзяцей, трэба папросту ігнараваць аддзел адукацыі. Яны спасылаюцца на тое, што ім абяцалі зрабіць рамонт да 25 жніўня. Насамрэч, ніякі рамонт ня робіцца. Таму бацькі вырашылі прыйсьці 1 верасьня разам з навучэнцамі ў ліцэй і не сыходзіць адтуль. Сёньня яны будуць разглядаць прапанову падтрымаць ліцэістаў на вулічных акцыях. Хутчэй за ўсё, будзе станоўчае рашэньне.

Галоўнае патрабаваньне бацькоў — захаваць калектыў ліцэю. У самым горшым стане апынуліся менавіта выкладчыкі. Ім выплацілі грашовую кампэнсацыю, прадугледжаную законам аб ліквідацыі ўстановы. Раней ім абяцалі, што возьмуць на працу ў новы, гарадзкі ліцэй. Цяпер, калі ён існуе толькі віртуальна, выкладчыкі сталі беспрацоўнымі. Пэўна, Лявона Баршчэўскага, Уладзімера Коласа ды іншых ня возьмуць на працу ў звычайную школу — нават калі туды перавядуць іх ліцэістаў. Выкладчыкі запэўнілі бацькоў на сходзе ў тым, што будуць вучыць дзяцей нават дома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG