Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭПУТАТЫ ДЭМАКРАТЫЧНАГА КІРУНКУ РОЗНЫХ УЗРОЎНЯЎ ПРАЦЯГВАЮЦЬ ПРАЦЭС АБ’ЯДНАНЬНЯ


Уладзімер Глод, Менск

Першымі слова на паседжаньні атрымалі два экс-старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня: Станіслаў Шушкевіч і Мечыслаў Грыб. Яны падкрэсьлілі вялізарную важнасьць Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі на рубяжы стагодзьдзяў, на мяжы мінулага і будучыні. Менавіта захаваньне сувэрэнітэту беларускай краіны вымушае былых і цяперашніх дэпутатаў да супрацоўніцтва, адзначыў намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Для нас на гэтым этапе самае галоўнае — падтрымаць тэндэнцыю аб’яднаньня. І калі мы будзем дэманстраваць, што асобныя групы аб’ядноўваюцца, гэта прыдасьць дынаміку ўсяму працэсу. І калі гэтыя людзі аб’ядноўваюць свае намаганьні — гэта вельмі моцны пасыл для астатніх групаў. Гэта вельмі істотна напярэдні мажлівага рэфэрэндуму і парлямэнцкіх выбараў восеньню наступнага году. Я думаю, мы працягваем тое, што пачалося палітычнымі партыямі. Пяць партыяў фактычна стварылі на сёньняшні дзень кааліцыю.

Больш за тое, на наступным тыдні мяркуецца, што да гэтай кааліцыі далучыцца да дэпутацкай групы “Рэспубліка”. І гэта якраз той падмурак, на якім можна будаваць дом аб’яднаньня. Падмурак ужо ёсьць, нам трэба падтрымаць гэты працэс, знайсьці месца для грамадзкіх арганізацыяў, каб яны мелі свой кірунак дзейнасьці, каб іх праца дапаўняла тое, што сёньня робяць палітычныя партыі. І тое, што дэманструюць дэпутаты розных узроўняў”.

Падчас паседжаньня прагучала прапанова падпісаць пагадненьне аб супрацоўніцтве паміж Асамблеяй дэпутатаў мясцовых саветаў і дэпутацкай групы “Рэспубліка” Палаты прадстаўнікоў. Але высьветлілася, што мясцовыя дэпутаты пакуль да гэтага не падрыхтаваныя. Тлумачыць дэпутат Пухавіцкага раённага савету Алесь Міхалевіч:

(Міхалевіч: ) “Гэтае пагадненьне маюць права падпісаць усе дэпутаты мясцовых саветаў. Мне трошачку няёмка, што ў асноўным тэксьце, які быў раздадзены, гэта гучыць як пагадненьне, падпісанае дэпутатамі Асмаблеі дэпутатаў мясцовых саветаў. Таму што кожны дэпутат можа рабіць, тое, што ён хоча. Але Асамблея гэта дэмакратычны орган, які створаны на падставе супрацоўніцтва розных дэпутатаў: як партыйных, так і непартыйных.

І паколькі каардынацыйная рада яшчэ не прыняла рашэньня, што мы далучаемся да гэтага звароту, то кожны канкрэтны дэпутат можа падумаць, асэнсаваць і зьвярнуцца. Са свайго боку, я асабіста скажу, што я, зрэшты, як і большасьць дэпутатаў мясцовых саветаў, выступаю за тое, каб супрацоўнічаць з дэпутацкай групай “Рэспубліка” ў працэсе дэмакратызацыі, але, каб захоўваць менавіта сваю саматоеснасьць як Асамблея дэпутатаў мясцовых саветаў”.

Аднак пасьля непрацяглай дыскусіі адзін з кіраўнікоў Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў, ён жа дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Марат Афанасьеў, паставіў свой подпіс пад пагадненьнем. Ад імя групы “Рэспубліка” пагадненьне падпісаў і кіраўнік групы Сяргей Скрабец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG