“Па-за тактам”:“IQ48: музыка з розумам”. 26 ліпеня
На апошнім фэстывалі “Басовішча” адным зь ляўрэатаў была маладая менская група зь незвычайнай назваю “IQ48”. Гэты калектыў спалучае ва ўласных песьнях, здавалася б, немагчымае. Музыканты тлумачаць паходжаньне назвы тым, што іх музыка адрасаваная людзям вясёлым, тым, хто жадае добра адпачыць. Чаму менавіта так? Лідэр групы Павал “Фройд” Зыгмантовіч і гітарыст Яўген Бузоўскі адказваюць на пытаньні журналіста Зьмітра Падбярэскага.
“Вострая брама”. 26 ліпеня
Якія адносіны да дзяржаўнае і нацыянальнае ідэалёгіі мае беларускі бізнэс? Ён безумоўна падтрымлівае наяўны палітычны рэжым, шукае заступніцтва ў чыноўнікаў і не бярэ на працу апазыцыянэраў і беларускамоўных. Бо ён – частка гэтай сыстэмы, настолькі ж параднёны зь ёю, наколькі непадобны да бізнэсу ў іншых, разьвітых краінах сьвету. Беларускі бізнэс – заўзяты праціўнік нацыянальнае ідэі, – так з матэрыяламі сацыялягічных апытаньняў у руках сьцьвярджаюць удзельнікі новага выпуску “Вострае Брамы” філёзаф Уладзімер Мацкевіч, журналіст Зьміцер Бартосік і аўтар праграмы Сяргей Дубавец.
“Вольная студыя”. 27 ліпеня
Сто гадоў таму на другім зьезьдзе РСДРП у Лёндане на палітычнай арэне ўпершыню зьявіліся бальшавікі. А семдзесят гадоў таму ў Нямеччыне кіроўнай партыяй стала нацыянал-сацыялістычная. І нямецкія нацыянал-сацыялісты, і расейскія бальшавікі ў розны час былі актыўнымі чыньнікамі беларускай гісторыі ХХ стагодзьдзя. А пры канцы стагодзьдзя беларуская глеба, падобна, стала той спрыяльнай рошчынай, зь якой прарос атожылак пакананых, здавалася — дарэшты, дыктатарскіх рэжымаў. Чым яны падобныя міжсобку, якія ўмовы павінны быць для іх узьнікненьня?.. Пра гэта — у аўтарскай перадачы Міхася Скоблы “Вольная студыя: новыя словы пра звыклыя рэчы”, у якой бярэ ўдзел палітоляг, кандыдат філязофскіх навук Уладзімер Падгол.
"Праскі акцэнт". 27 ліпеня
Якую ролю адыграла дата 27 ліпеня ў сучаснай гісторыі Беларусі і як яна ўспрымаецца ў беларускім грамадстве зараз? Ці існуюць сёньня гарантыі незалежнасьці Беларусі? Хто можа быць гарантам яе сувэрэнітэту? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у перадачы “Праскі акцэнт” па тэлефоне зь Менску – былы міністар замежных справаў Беларусі Пятро Краўчанка, рэдактар часопісу “Архэ” Валерка Булгакаў і ў праскай студыі – журналіст Сяргей Навумчык. Вядзе перадачу Віталь Тарас.
“Паштовая скрынка 111”. 27 ліпеня
У нядзельнай праграме “Паштовая скрынка 111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на Свабоду Ўладзіслаў Шумко зь Віцебску, Віктар Бута зь Менску, Уладзіслаў Міцкевіч з Браслава і Алесь Станкевіч з Горадні.
У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы:
– разважаюць пра наступствы магчымага рэфэрэндуму наконт працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі;
– выказваюць меркаваньні пра спробы беларускай улады апраўдаць злачынствы сталінскага рэжыму;
– распавядаюць пра факты дыскрымінацыі ў Беларусі беларускамоўных грамадзянаў;
– дзеляцца заўвагамі пра некаторыя праграмы Беларускай Свабоды.
Тэксты гэтых ды іншых перадач чытайце на сайце на наступным тыдні.