Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАБОЧЫЯ ПАТРАБУЮЦЬ КАМПЭНСАЦЫІ ЗА СКАРОЧАНЫ АДПАЧЫНАК


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сьлесар Аляксандар Барэль і фрэзэроўшчык Аляксандар Мікулка просяць, каб суд прызнаў незаконным рашэньне адміністрацыі скараціць адпачынкі. Яны таксама просяць абавязаць яе выплаціць ім кампэнсацыю — па 100 тысяч рублёў за страчаны тыдзень адпачынку.

Паводле калектыўнай дамовы, кожнаму працаўніку “Хімвалакна”, які працуе больш за два гады, даюць 32 дні адпачынку. Дамова прынятая ў 2001 годзе. Але з наступнага году адпачынкі ўсім зьменшылі да 25 дзён.

Гэтай вясной 33 рабочыя паставілі свае подпісы пад скаргай у камісію працоўных спрэчак. Яны патрабавалі тлумачэньняў, чаму адбыліся зьмены ў калектыўнай дамове, і зьменшаны адпачынкі. Аднак адміністрацыя ўгаварыла большасьць рабочых адмовіцца ад сваіх подпісаў. Толькі два зь іх падалі на кіраўніцтва прадпрыемства пазоў у Кастрычніцкі раённы суд.

Сёньня судзьдзя Аляксандар Падалянчык выслухаў тлумачэньні прадстаўніка адміністрацыі й старшыні прафкаму “Хімвалакна”. Аказалася, што прафкам даў згоду на зьмяншэньне адпачынку. Гэта выклікана цяжкім эканамічным станам прадпрыемства, і адміністрацыя кампэнсуе працаўнікам страту, як толькі зьявяцца грошы. Аднак неўзабаве высьветлілася, што насамрэч кампэнсацыяў ня будзе, бо дадаткова патрэбна больш за тры мільярды рублёў, а гэта для прадпрыемства нерэальная сума.

Калектыўная дамова падпісаная на тры гады, тэрмін яе дзеяньня закончыцца налета. У праекце наступнай дамовы пункту наконт адпачынку працягласьцю 32 дні ўжо няма.

Судовы разгляд пазову двух рабочых працягнецца праз тыдзень. Дарэчы, “Хімвалакно” — адно з тых прадпрыемстваў, акцыі якіх улады на пачатку лета няўдала спрабавалі прапанаваць расейскім нафтахімічным канцэрнам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG