На сустрэчы ў пятніцу з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, якая адбылася пасьля праведзенага ў Маскве паседжаньня групы высокага ўзроўню чатырох краінаў, дзе прысутнічалі чатыры віцэ-прэм’еры, спадар Хрысьценка сказаў, што агульная канструкцыя стварэньня адзінай эканамічнай прасторы на сёньняшні дзень для ўсіх удзельнікаў выглядае аднолькава.
Аналітыкі зьвярнулі ўвагу на тое, што ўдзельнікаў маскоўскага паседжаньня прыняў асабіста прэзыдэнт Расеі. Уладзімер Пуцін падкрэсьліў, што краінам СНД не выпадае абмінуць шлях глябалізацыі, якім рухаецца ўсясьветная эканоміка. Пры гэтым кіраўнік Расеі сказаў, што было б цудоўна вызначыць канкрэтныя тэрміны і парамэтры стварэньня адзінай эканамічнай прасторы. На гэтым тле справы саюзнай дзяржавы, падобна, адступаюць на другі плян.
Былы міністар зьнешніх эканамічных сувязяў Беларусі Міхаіл Марыніч тлумачыць гэта тым, што пастаянныя размовы аб эканамічнай інтэграцыі паміж Расеяй і Беларусьсю не напаўняюцца канкрэтным зьместам:
(Марыніч: ) “Яны выгадныя толькі аднаму боку — беларускаму, паколькі Менск раз за разам выпрошвае для сябе прэфэрэнцыі ў рамках нейкага эфэмернага Канстытуцыйнага акту. Расейскай эліце гэта ўжо надакучыла. І Расея нарэшце знайшла спосаб, як расьсячы гэты вузел. Памятаеце, 23 лютага сабраліся кіраўнікі чатырох дзяржаваў, і ўсе чакалі, што яны проста адсьвяткуюць гэты дзень. А Пуцін нечакана прапанаваў стварыць адзіную эканамічную прастору. Гэта, безумоўна, пралічаны і асэнсаваны крок на адрас найбліжэйшых расейскіх суседзяў. І невыпадкова ініцыятыва ад саюзнай дзяржавы усё больш выразна пераходзіць да “чацьверкі”, дзе ўжо Расея, а не Беларусь выступае як лякаматыў інтэграцыі”.
Іншыя адмыслоўцы падкрэсьліваюць, што за пяць месяцаў — з таго часу, як прагучала ініцыятыва Пуціна — экспэрты на вельмі высокім узроўні сабраліся ўжо шосты раз. Так, выкладчык Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных зносінаў, кандыдат палітычных навук Кірыл Коктыш таксама не выключае, што чацьверка перахоплівае інтэграцыйную ініцыятыву:
(Коктыш: ) “Саюзная дзяржава існавала да гэтай пары і існуе — як піарны праект. У рэчаіснасьці яна пакуль рэалізавацца ня здолела, і таму інтэграцыйны парыў чацьверкі, калі ён атрымаецца, будзе рэалізаваны амаль на пустой прасторы. Таму дзяржаўнае будаўніцтва праз чацьверку вельмі рэзонны і рэалістычны крок з боку Масквы, каб стварыць нешта рэальнае на прасторы СНД”.