Паводле аўтара, канфрантацыя паміж дзяржавай і недзяржаўнымі выданьнямі стала звыклай для Беларусі, бо цягнецца амаль 10 гадоў, ад часу прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Публікацыя выклікала вялікі чытацкі розгалас. Нагадаем, што сярод чытачоў “Frankfurter Allgemeine” прадстаўнікі нямецкай эліты: вядомыя палітыкі, прадпрымальнікі, мэцэнаты. У адным з апошніх нумароў газэты зьмешчаныя нататкі яе сталага чытача з Гамбургу — графа фон Калнайна.
Як вынікае з апошніх падзеяў, Лукашэнка мае намер накінуць наморднік і на “БДГ” — адну з самых прафэсійна моцных і салідных газэт краіны, — піша граф фон Калнайн. Паводле нямецкага чытача, тыя, хто ведаюць беларускую сытуацыю, рэагуюць на яе адначасна і са зьдзіўленьнем, і са шкадаваньнем. “БДГ” ня ёсьць нейкім бульварным правінцыйным лістком. Гэта газэта заўсёды вызначалася сваёй грамадзянскай пазыцыяй. Яна не была носьбітам нейкіх злых і агрэсіўных ідэяў. Яе фармат разьлічаны на інтэлектуалаў і прадпрымальнікаў, публікацыі прысьвечаныя тым нешматлікім кволым парасткам грамадзянскай сьвядомасьці і свабоды меркаваньняў, якія апошні час сталі зьяўляцца ў Беларусі. Дарэчы, паводле Міжнароднага інстытуту прэсы, у Беларусі ў гэтым сэнсе ўсё яшчэ працягваецца “сырая працяглая зіма”.
У 2001 годзе “БДГ” стала ляўрэатам міжнароднай прэміі імя Герда Букерыўса пры фондзе нямецкай газэты “Ды Цайт”. Аднак, — піша нямецкі чытач, — выглядае, што беларускаму прэзыдэнту, які ў 2001 годзе атрымаў даволі сумнеўную перамогу на выбарах, зусім не да клопату пра ўсталяваньне іншага клімату ў Беларусі, пра дабрабыт беларускага народу.
Што гэта? Нейкая далёкая экзатычная трагедыя? — пытаецца граф фон Калнайн і працягвае: “У наступным годзе наш Эўрапейскі Зьвяз будзе мець агульныя межы зь Беларусьсю. Менавіта праз гэтую краіну ідзе найбольшая колькасьць паставак да нашага новага палітычнага сябра на Ўсходзе — Расеі. Закрыцьцё рэдакцыі вядучай беларускай газэты выключна на падставе чыіхсьці асабістых злосьці і самадурства — гэты сумны правінцыйны фарс тычыць і непасрэдна нас, немцаў. Наша пільная ўвага да сытуацыі ў гэтай краіне ёсьць жыцьцёвым эліксырам для тых у Беларусі, хто адстойвае свабоду меркаваньняў.
Такое паняцьце як “інтарэс Захаду да правоў чалавека на Ўсходзе” немцы ведаюць на прыкладзе сваёй уласнай гісторыі. І ў Нямеччыне трэба было шмат змагацца за свабоду слова, а таксама абараняць яе. Такія публікацыі “Frankfurter Allgemeine” як артыкул Райнгарда Вэзэра ёсьць пэўнай падтрымкай для незалежнай прэсы ў Беларусі”, — лічыць граф фон Калнайн. Разам зь іншымі чытачамі ён будзе вітаць далейшую ўвагу нямецкіх журналістаў да беларускай сытуацыі.