Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“МЫ ХОЧАМ ДАЦЬ ЗНАК БЕЛАРУСКАЙ АПАЗЫЦЫІ, ШТО МЫ ЗЬ ЁЮ”

Алена Ціхановіч, Прага

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Странскі, якое пасланьне нясе гэтая акцыя вывешваньня двух сьцягоў на Вашым доме?”

(Странскі: ) “Нягледзячы на тое, што сёньня Чэхія – маладая дэмакратычная дзяржава, мы хочам паказаць, што маем нейкія абавязкі перад гэтай дэмакратыяй – па-першае, гэта азначае, яе захоўваць, а па-другое, яе пашыраць. Мы лічым, што беларускую сытуацыю ведаем са свайго нядаўняга мінулага і хочам сказаць беларускай апазыцыі, што цяперашні стан – толькі пытаньне часу і намаганьняў. Прычым намаганьняў ня толькі з боку апазыцыі, але і мэтанакіраванага сусьветнага ціску, які мусіць дапамагчы ў перамозе. Мы хочам даць знак беларускай апазыцыі, што мы зь ёю, што мы яе такім чынам падтрымліваем. Гэта таксама і знак самім сабе, што, хаця і маем свой сьцяг над сваёй краінай, нейкая небясьпека заўсёды можа прыйсьці”.

(Карэспандэнтка: ) “Зь якіх крыніцаў вы атрымліваеце інфармацыю пра Беларусь?”

(Странскі: ) “Я сачу за гэтым паводле публікацыяў у чэскім ды міжнародным друку. Мяркую, само за сябе гаворыць тое, што некаторыя арганізацыі і інстытуцыі ўвогуле адмаўляюцца ад кантактаў з Лукашэнкам. Ведаю таксама некаторых журналістаў, што былі ў Беларусі, некаторых прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, якія жывуць у Чэхіі”.

(Карэспандэнтка: ) “Магчыма, некаторыя зь іх згадалі, што такім чынам і Вы працягваеце масарыкаўскія традыцыі…”

(Странскі: ) “Тое, што я падтрымаў гэтую ініцыятыву, сапраўды зьвязана зь сямейнай традыцыяй. Мой прадзед быў закладальнікам найстарэйшай газэты ў нашай краіне “Lidove noviny”, ці “Народнай газэты”. Побач з Масарыкам ён стаяў ля вытокаў нараджэньня Чэхаславацкай дзяржавы, ён быў першым міністрам гандлю. Мой дзед працягваў гэтую традыцыю – ён быў міністрам юстыцыі і міністрам адукацыі ў часе Першай і Другой рэспублікі, а мой бацька разам з Паўлам Цігрыдам былі закладальнікамі чэскай рэдакцыі Радыё Свабодная Эўропа. Дзед і бацька пазьней цэлае жыцьцё, будучы ў эміграцыі, змагаліся за вяртаньне свабоды на радзіму. Калі б яны былі жывыя, то, думаю, іх змаганьне працягвалася б у тым, каб вярнуць свабоду ўсім камуністычным і посткамуністычным краінам”.
XS
SM
MD
LG