Міністар унутраных справаў Ірану заявіў, што ў Іране цяпер утрымліваецца вялікая колькасьць розных сябраў Аль-Кайды, -- адных зь іх чакае экстрадыцыя ў іх родныя краіны, іншых будуць судзіць у Іране. У ліку затрыманых і тэрарысты Аль-Кайды, якія займалі вышэйшыя пасады у групоўцы. Іх імёны не ўдакладняюцца.
Паведамленьне гэтае зьявілася пасьля абвінавачаньняў з боку ЗША, што Іран і Сырыя даюць прытулак тэрарыстам. Прэзыдэнт ЗША Дж. Буш заявіў пра гэта ў панядзелак. Прэсавы прадстаўнік Белага Дому Скот Мак-Клелан сказаў, што ня можа засьведчыць дакладнасьць заявы Ірану адносна тэрарыстаў Аль-Кайды. Ён заявіў, што гэтае паведамленьне з Ірану пацьвярджае, што ў Іране знаходзяцца тэрарысты Аль-Кайды, у тым ліку і кіраўнікі, і што іх справы павінны разглядацца ў судзе.
Дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл ўчора адзначыў, што заява Ірану – вельмі істотная ў цяперашняй сытуацыі, паколькі іранскія ўрадоўцы “прызналі публічна прысутнасьць і затрыманьне сябраў Аль-Кайды ў іх краіне”.
Афіцыйны Вашынгтон быў перакананы, што частка кіраўнікоў Аль-Кайды хаваецца ў Іране. Іранскі ўрад даваў незразумелыя, цьмяныя тлумачэньні адносна прысутнасьці тэрарыстаў Аль-Кайд у іх краіне. Спачатку Іран заяўляў, што іх увогуле няма. Пасьля – што ня ведаюць, хто гэта, альбо што гэта толькі ніжэйшыя прадстаўнікі Аль-Кайды.
Паводле выведкі ЗША, у Іране знаходзіцца Саад бін Ладэн, старэйшы сын Асамы бін Ладэна, а таксама іншыя лідэры Аль-Кайды – Абу Мусаб Заркаві, экспэрт па выбухам, Сулейман Абу Гаіз, кіраўнік прэсавай службы Аль-Кайды, Саіф Аль-Адзіл, кіраўнік сеціва вайсковых апэрацыяў, яго абвінавачваюць у бомбавых нападах на амбасады ЗША ў Афрыцы ў 1998 годзе.
Амэрыканская выведка злучае Іран зь імёнамі двух удзельнікаў тэракту 11 верасьня, Халідам Альмідарам і Навафам Альхазмі. У Іраку іранскія агенты супрацоўнічаюць з ірацкімі шыітамі, якія ў апазыцыі да высілкаў ЗША дзеля стабілізацыі Іраку. Выведка ЗША заяўляе, што Іран падтрымлівае міжнародны тэрарызм, у тым ліку і Аль-Кайду.