Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ЛЮДЗІ СПАЖЫВАЮЦЬ ДВОЙЧЫ ЗАБРУДЖАНАЕ МАЛАКО


Казімер Яноўскі, Чачэрскі раён

Паводле зьвестак абласной вэтэрынарнай службы, у Чачэрскім раёне, адным з найбольш забруджаных радыяцыяй, 15% кароваў прыватнікаў хворыя на лейкоз. Напрыклад, у вёсцы Бабічы Нісімкавіцкага сельскага савету лічаныя каровы ў прыватных гаспадароў здаровыя.

Распавядае сакратарка сельскага савету Валянціна Павялкова:

(Павялкова: ) “Пабралі аналізы, і выявілася, што ад шасьці кароваў наагул нельга спажываць малако. Астатнія — вірусаносьбіты. У Бабічах усяго 123 каровы, 102 зь іх хворыя. Пэнсіянэры кажуць, што наагул ня будуць трымаць кароваў, раз яны хворыя. Хтосьці яшчэ ня ўпэўнены, што гэтае малако нельга ўжываць”.

Ёсьць некалькі прычынаў таму, што гаспадары з Бабічаў асабліва не імкнуцца пазбавіцца ад хворых кароваў. Па-першае, карова ў вёсцы застаецца галоўнай карміцелькай. Здаць яе на мясакамбінат не выпадае. За выручаныя грошы здаровай каровы не купіш — іх папросту ня хопіць.

Саўгас “Нісімкавічы” таксама ня можа замяніць. Апасаецца сам застацца бяз дойнага статку. Вось што кажа вясковая гаспадыня з Бабічаў Вера Цеплякова:

(Цеплякова: ) “Нам ніхто іх не памяняе. Хто нам памяняе? Зьвярнуліся ў саўгас. Там кажуць, што забяруць, але прапануюць на замену нецель. Але ж гэта не карова. Калі б далі карову, было б добра. Невядома, калі тая цялушка ацеліцца? А ў людзей жа дойную карову бяруць”.

Некаторыя сельскія жыхары наагул ня бачаць сэнсу ў гэтых заменах. Гаворыць Валянціна Гулевіч:

(Гулевіч: ) “Мы два гады таму замянілі карову. Яна ў нас была лейкозная. Аднак пасьвяцца ўсе каровы ў адным статку. І новая наша карова захварэла на лейкоз”.

Малако ад хворых кароваў вяскоўцы спажываюць самі і здаюць дзяржаве на перапрацоўку. Міністэрства аховы здароўя сьцьярджае, што пасьля пастэрызацыі малако ад хворых на лейкоз кароў ня шкоднае. Аднак у мэдыкаў няма адказу, што адбываецца, калі вяскоўцы ўжываюць малако без папярэдняга кіпячэньня.

Адмыслоўцы таксама не зьвязваюць захворваньне жывёлы на лейкоз з падвышаным узроўнем радыяцыі. Тым часам у Бабічах, забруджаных пасьля Чарнобылю, людзі думаюць інакш.

(Цеплякова: ) “Ад чаго лейкоз? Канечне, ад радыяцыі! Раней бралі кроў у кароваў — не было такога. А цяпер — сталася. Радыяцыя! Усе людзі думаюць, што гэта ад радыяцыі”, — кажа Вера Цеплякова, саўгасная даярка, у якой уласная карова таксама хворая на лейкоз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG