Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЁЎСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ НЕ ЗАДАВОЛЕНЫЯ ПЕРАЕЗДАМ З РЫНКУ Ў КРАМЫ І ЎВЯДЗЕНЬНЕМ КАСАВЫХ АПАРАТАЎ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Сёньня прадстаўнікі прадпрымальнікаў і кіраўнікі Свабоднага прафсаюзу (больш за 30 чалавек) прыйшлі ў Магілёўскі аблвыканкам з просьбай аб сустрэчы з чыноўнікамі, якія датычныя да прыняцьця рашэньня аб упарадкаваньні прыватнага гандлю.

Згодна з гэтым дакумэнтам, з 1 жніўня паэтапна розныя групы прадпрымальнікаў (у першую чаргу тыя, хто гандлюе бытавой тэхнікай, футрам і скурай) павінны пераехаць у стацыянарныя гандлёвыя пункты і абсталяваць іх касавымі апаратамі.

У прыватнікаў і прафсаюзаў, якія прадстаўляюць іх інтарэсы, ёсьць шмат пярэчаньняў сутнасьці гэтага рашэньня. Адно зь іх датычыцца і пакупнікоў: прадпрымальнікі сьцьвярджаюць, што кошты на іх тавар у сувязі з новымі ўмовамі гандлю безумоўна падвысяцца.

Аднак цяпер яны хочуць дамагчыся хаця б адтэрміноўкі рашэньня да пачатку наступнага году. Адпаведны зварот да аблвыканкаму падпісалі 49 прадпрымальнікаў.

(Спадар: ) “Хочам адтэрміноўкі таго, што нас зачыняюць, выганяюць на вуліцу і нічога не тлумачаць”.

Прыватнікі ўжо спрабавалі ў гарвыканкаме патлумачыць, што ім патрэбны час, каб знайсьці новыя памяшканьні і аформіць дакумэнты, аднак чыноўнікі заявілі, паводле словаў прадпрымальнікаў, што яны могуць лічыць сябе папросту скарочанымі.

(Спадар: ) “Вось мы хочам даведацца, што калі нас скарацілі, можа нам нейкую дапамогу дадуць, а можа нам дадуць адтэрміноўку, а можа нам патлумачаць, што мы ўвогуле не патрэбныя ў гэтай краіне. Мы будзем ведаць сваё месца”.

Сёньня прадпрымальнікі чакалі некалькі гадзінаў, пакуль перапыніцца паседжаньне аблвыканкаму і начальнікі вызваляцца, каб зь імі пагутарыць. У выніку прадстаўнікоў прыватнікаў прыняў намесьнік старшшыні Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў. Ён выслухаў пазыцыю гандляроў і абяцаў агучыць яе на сёньняшнім паседжаньні аблвыканкаму. Ці будуць станоўчыя вынікі ад гэтага — прадпрымальнікі і спадзяюцца, і адначасова сумняюцца.

(Спадар: ) “Таму што ў іх заробак не залежыць ад нашых падаткаў. Калі б не даплацілі падаткі, у чыноўніка заробак паменшыўся, ён бы думаў і казаў. А так — якая ім розьніца? Вось і ўсё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG