Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ АДБЫЎСЯ СУД НАД ЯШЧЭ АДНЫМ УДЗЕЛЬНІКАМ АКЦЫІ “ХОЧАМ ВЕДАЦЬ ПРАЎДУ”


Браніслава Станкевіч, Віцебск

У Кастрычніцкі раённым судзе завяршыўся працэс над апошнім зь віцебскіх сяброў АГП, што былі затрыманыя 16 ліпеня ў часе правядзеньня акцыі “Хочам ведаць праўду”. Акцыя была прысьвечаная зьніклым беларускім грамадзянам, і праходзіла ў цэнтры Віцебску без дазволу гарадзкіх уладаў.

Падсудны Ўладзімер Семенчукоў трымаў тады партрэт Зьмітра Завадзкага ды быў затрыманы міліцыянтамі разам зь іншымі партыйцамі. Гэта ўжо трэцяе затрыманьне на рахунку спадара Семенчукова, і ўжо трэці суд за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні. Аднак вынікі судовага працэсу сталі для Ўладзімера Семенчукова цалкам нечаканымі: судзьдзя спыніла ягоную справу ды замест усялякага пакараньня абмежавалася судовай заўвагаю.

Гэта беспрэцэдэнтны выпадак у дачыненьні да падсудных віцебскіх апазыцыянэраў увогуле, і ў дачыненьні да ўдзельнікаў акцыі “Хочам ведаць праўду”. Нагадаем, што Руслану Голубеву за ўдзел у гэтай самай акцыі судзьдзя Сьвятлана Дутчанка прысудзіла двое сутак арышту, а Фёдар Бакуноў ды Эаніта Жаўняровіч атрымалі ад судзьдзі Марыны Марозавай судовыя папярэджаньні.

Тое, што судовыя выракі настолькі розныя, сябры АГП тлумачаць асабістым стаўленьнем судзьдзяў да палітычнае сытуацыі на Беларусі. Паводле такога меркаваньня, судзьдзя Тацяна Жураўкова найбольш падзяляе дэмакратычныя погляды апазыцыянэраў.

Аднак менавіта спадарыня Жураўкова роўна месяц таму вынесла судовае папярэджаньне Барысу Хамайду ды Яну Таўпыгу за правядзеньне жалобнае акцыі па сьмерці Васіля Быкава, спаслаўшыся на тое, што сябры КХП БНФ не зьвярнуліся па дазвол на правядзеньне акцыі за папярэднія два тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG