Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІЦЭІСТЫ ЎТВАРЫЛІ НОВУЮ МОЛАДЗЕВУЮ АРГАНІЗАЦЫЮ


Любоў Лунёва, Менск

“Ліцэйская Грамада” аб’ядноўвае навучэнцаў і выпускнікоў зьліквідаванага Нацыянальнага ліцэю імя Я.Коласа. Гэтая арганізацыя зьяўляецца пераемніцай вучнёўскага самакіраваньня Нацыянальнага ліцэю і будзе дзейнічаць паводле ягоных прынцыпаў. На сваім устаноўчым сходзе ліцэісты абвясьцілі галоўную мэту сваёй арганізацыі — абараняць правы дзяцей на атрыманьне якаснай і жаданай адукацыі.

Моладзь вырашыла кардынальна зьмяніць тактыку барацьбы за ліцэй. Ліцэісты будуць сумесна рыхтаваць новыя акцыі. Вось як гэта пракамэнтаваў вядучы сходу Франак Вячорка:

(Вячорка: ) “Арганізацыя была створаная і дзеля таго, каб мець кантакты і ліцэістаў, і выпускнікоў, каб больш зладжана каардынаваць вулічныя акцыі, якія цяпер вельмі неабходныя, калі ліцэй зьнішчылі. Вулічныя акцыі мы плянуем праводзіць новага кшталту. Будзем ужываць новыя тэхналёгіі, магчыма, будзем размаўляць зь людзьмі, будзем ладзіць нейкія цікавыя акцыі, якія сапраўды могуць зьвярнуць увагу грамадзкасьці на праблему ў ліцэі. Мэтай ёсьць прыцягнуць увагу ня толькі грамадзкасьці, але перш за ўсё моладзі. Любы чалавек ва ўзросьце да 30 год можа стаць сябрам нашай арганізацыі. У канцы жніўня мы плянуем арганізаваць рок-канцэрт у абарону ліцэю”.

Тым часам бацькі навучэнцаў таксама правялі сход, каб вызначыцца, як працаваць з чыноўнікамі Міністэрства адукацыі. З панядзелка чыноўнікі тэлефануюць бацькам ліцэістаў з розных курсаў і запрашаюць іх да сябе на размову. Гаворыць прадстаўнік бацькоўскай рады Ўладзімер Гудкоў:

(Гудкоў: ) “Улады зьбіраюцца раскідаць ліцэістаў чатырма ці шасьцю групкамі па школах. Адначасова яны пачалі выклікаць бацькоў у Менгарвыканкам да чыноўнікаў ад адукацыі дзеля таго, каб весьці нейкія сэпаратныя перамовы, каб тыя забралі сваіх дзетак зь ліцэю. Мы вырашылі — ніякіх перамоваў з чыноўнікамі не павінна быць. Так аднагалосна вырашылі ўсе бацькі, якія прысутнічалі на сходзе. Вырашылі трымацца ўсе разам. Калі чыноўнікам ёсьць што нам казаць, то няхай самі прыходзяць да нас ў панядзелак на наш сход”.

Бацькі ліцэістаў абурыліся з таго, што галоўны рэдактар “Советской Белоруссии” Павал Якубовіч не сустрэўся зь ліцэістамі, калі тыя прынесьлі ў рэдакцыю пісьмовыя заявы з патрабаваньнем даць абвяржэньне інфармацыі, якую распаўсюджвае газэта наконт сытуацыі ў ліцэі. Бацькі ліцэістаў маюць намер падаць у суд на рэдактара “Советской Белоруссии” паводле артыкулу за распаўсюд ілжывай інфармацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG