Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВАЯ МОВА: ВЫГАДА I ВЫГОДА


Юрась Бушлякоў, Менск

Выгада азначае, як правiла, карысьць, пажытак, прыбытак. Мы пытаемся, напрыклад, якая нам выгада тое цi iншае рабiць. Усё тое, што дае выгаду, прыносiць карысьць, – выгаднае: скажам, выгадная сытуацыя, выгаднае пагадненьне. Тым часам выгода ў лiтаратурнай мове называе найперш тое, што здавальняе нашыя патрэбы, дае камфорт. Часта, гаворачы пра кватэру, мы падкрэсьлiваем, што яна – з усiмi выгодамi. Выгода натуральная таксама як сынонiм прывольля, умоваў, якiя даюць поўную свабоду, магчымасьць напоўнiцу жыць, нешта рабiць. Можам сказаць: гэты лесвыгода для грыбнiкоў, тут выгода для забавы. Поруч з выгодаю ёсьць яшчэ й слова выгодзьдзе – з тымi самымi значэньнямi: напрыклад, свой дом – выгодзьдзе для душы. Ад выгода маем прыметнiк выгодны. Канапа выгодная, аўто выгоднае, калi нам зручна iмi карыстацца. Выгодным можа быць i жыцьцё – вельмi добрае, нiчым асаблiва ня ўскладненае, не абмежаванае. Выгодна яму жывецца – так скажуць пра чалавека, у якога жыцьцё гладкае, непраблемнае.

Апошнiм часам, бывае, ужываюць у маўленьнi й на пiсьме слова выгода ў значэньнi выгады, проста высьцерагаюцца выгады. Ня думаю, што апраўданыя такiя “ўцёкi” ад выгады. Маючы выгаду й выгоду, два традыцыйныя ў лiтаратурнай мове словы, ня варта пазбывацца аднаго зь iх. Па-беларуску скажам: выгада ад дамоўленасьцi, атрымаць вялiкую выгаду, але дом з выгодамi, жыцьцё, поўнае выгодаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG