Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР КВАСЬНЕЎСКІ ПАДПІСАЎ ТРАКТАТ АБ ДАЛУЧЭНЬНІ ПОЛЬШЧЫ ДА ЭЎРАЗЬВЯЗУ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

(Квасьнеўскі: ) “Хто б мог меркаваць, што ў гэтай залі, дзе ў траўні 55 году была падпісаная Варшаўская дамова, менш чым праз палову стагодзьдзя мы будзем сьведкамі вяртаньня Польшчы ў Эўропу без падзелаў. Спаўняюцца мары многіх пакаленьняў палякаў – мы зноў становімся паўнапраўным сябрам сям’і эўрапейскіх народаў”, – сказаў адразу пасьля падпісаньня трактату аб далучэньні Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу прэзыдэнт гэтай краіны Аляксандар Квасьнеўскі”.

Польскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што адной з найбольш істотных задачаў Варшавы па далучэньні да Аб’яднанай Эўропы ёсьць выпрацоўка і каардынаваньне замежнай палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьнях зь ягонымі ўсходнімі суседзямі.

“Польшча зробіць усё, каб дзякуючы нашай прысутнасьці Эўропа стала мацнейшай”, – адзначыў Аляксандар Квасьнеўскі.

Міністар замежных справаў Польшчы Ўладзімер Цімашэвіч, які таксама прамаўляў у часе цырымоніі, выказаў упэўненасьць, што далучэньне Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу зробіць жыцьцё палякаў лепшым, а пазыцыю краіны на міжнароднай арэне – больш моцнай.

Падпісаньне прэзыдэнтам Трактату аб далучэньні да Эўразьвязу, які ўтрымлівае дэталёвыя ўмовы гэтага далучэньня, было апошняй фармальнасьцю на шляху Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу.

Ад імя ўраду трактат быў ратыфікаваны яшчэ ў красавікаў у Атэнах, але менавіта сёньняшні подпіс прэзыдэнта зрабў яго паўнавартасным дакумэнтам, бо гэты подпіс сымбалізуе волю народу.

У чэрвені ў часе рэфэрэндуму за далучэньне Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу выказаліся 77% палякаў з тых, што ўзялі ўдзел у галасаваньні.

Пры канцы цырымоніі падпісаньня Трактату ў прэзыдэнцкім палацы ў Варшаве, акрамя польскага гімну, прагучаў і гімн Эўрапейскага Зьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG