Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“УЛАДЫ БЕЛАРУСІ ЎСЁ БОЛЬШ АКТЫЎНА БЯРУЦЦА ЗА КАНТРАЛЯВАНЬНЕ ІНФАРМАЦЫІ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Улады Беларусі ўсё больш актыўна бяруцца за кантраляваньне інфармацыі. Пасьля выдаленньня карэспандэнта тэлекампаніі НТВ, а таксама намеру закрыць дзьве амэрыканскія арганізацыі, што дапамагаюць мэдыям, беларускія ўлады ўвялі “рэкамэндацыі” што да навінаў, якія гучаць у эфіры прыватных радыёстанцыяў, ды абвясьцілі сьпіс дзяржаўных установаў, што маюць права на дзяржаўную таямніцу”, – піша ў сёньняшнім нумары найбольш масавы польскі штодзёньнік “Gazeta Wyborcza”.

Газэта адзначае, што беларускія радыёстанцыі, якія перадаюць у дыяпазоне ФМ, мусяць узгадняць зьмест кожнага выпуску сваіх навінаў зь міністэрствам інфармацыі, бо навіны павінны паходзіць толькі з афіцыйных крыніцаў. Акрамя гэтага, міністэрства інфармацыі штотыдзень вызначае, якія тэмы радыёстанцыям лепш не кранаць.

“Таму інфармацыйныя выпускі ва ўсіх камэрцыйных радыёстанцыях падобныя адзін да аднаго і вельмі ўбогія. Там амаль няма паведамленьняў пра палітычныя падзеі, а калі ёсьць, то такія самыя, як можна пачуць у вечаровых навінах на дзяржаўным тэлебачаньні. Кіраўнікі радыёстанцыяў папросту баяцца страты ліцэнзіі”, – піша “Gazeta Wyborcza”.

Штодзёньнік зьвяртае ўвагу на тое, што ў хуткім часе ў Беларусі незалежную інфармацыю будзе цяжка ня толькі перадаваць але і знаходзіць, бо вялікая колькасьць дзяржаўных установаў зможа карыстацца з новага дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі і ўвогуле не інфармаваць журналістаў аб сваёй дзейнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG