Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛАТА ПРАДСТАЎНІКОЎ УЗРУШАНАЯ ПАВЕДАМЛЕНЬНЕМ АБ ПРЫЗНАЧЭНЬНІ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ УПАЎНАВАЖАНЫХ

Юры Сьвірко, Менск

У сераду ўвечары прайшло паседжаньне рады Палаты прадстаўнікоў — першае пасьля паведамленьня пра фармаваньне інстытуту прэзыдэнцкіх упаўнаважаных у гэтай палаце. Аб выніках паседжаньня пакуль не паведамляецца, але ўвесь дзень дэпутаты палаты абмяркоўвалі гэтае новаўвядзеньне Аляксандра Лукашэнкі.

Нагадаю, што напярэдадні ён прыняў сем дэпутатаў, якім прапанаваў стаць паўнамоцнымі прадстаўнікамі прэзыдэнта, а таксама “нефармальным ядром”, якое б дапамагло кіраўніку дзяржавы “разабрацца ў кожным дэпутаце”. Як адрэагавалі на гэта іншыя дэпутаты? Распавядае адзін зь іх — Іван Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Канечне, гэта ўзрушыла дэпутацкі корпус. Ішлі абмеркаваньні ў кабінэтах, на асабістых сустрэчах сярод дэпутацкага корпусу. І самае дзіўнае, я атрымаў такую інфармацыю ад дэпутатаў, якія йшлі на гэтую размову, — кожны зь іх ішоў за атрыманьнем нейкага партфэля. Называць прозьвішчы ня буду, але адзін разьлічваў на прызначэньне ў дэпартамэнт аднаго міністэрства, другі ішоў на інспэктара-памочніка прэзыдэнта, трэці на пасаду старшыні райвыканкаму і гэтак далей. Тое, што адбылося падчас сустрэчы з прэзыдэнтам, — гэта спачатку шок для тых, хто сядзеў за гэтым сталом, але потым ён перайшоў усё ж у нейкае мілаваньне, бо прэзыдэнт сказаў, што яны першыя сярод роўных”.

Яшчэ адзін дэпутат палаты з групы “Рэспубліка” Валеры Фралоў мяркуе, што гэтыя дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі выкліканыя зьяўленьнем апазыцыі ў палаце:

(Фралоў: ) “Мне здаецца, што тут трошкі й нашая роля — групы “Рэспубліка”. Нейкая процівага групе “Рэспубліка” ў вобразе вось гэтых “глядзячых” за сытуацыяй у парлямэнце”.

Спадар Фралоў дадаў, што яму незразумелы прынцып адбору прэзыдэнцкіх упаўнаважаных у палаце — шэсьць дэпутатаў і сьпікер, які ўва ўсіх іншых краінах мусіць прадстаўляць увесь парлямэнт, а не прэзыдэнта.

(Фралоў: ) “На мой погляд, тыя дэпутаты, што былі там, ня ўсе нейкім чынам ёсьць аўтарытэтнымі. Неяк у нас тут нават кажуць — “шасьцёркі” нейкія ўтварыліся. Гэта нават жанчыны-дэпутаты кажуць”.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з асобнымі дэпутатамі выклікае шмат пытаньняў, кажа спадар Пашкевіч.

(Пашкевіч: ) “Чаму, напрыклад, быў старшыня Палаты прадстаўнікоў, а не было яго намесьніка, які, як мы ведаем, знаходзіцца ў камандзе прэзыдэнта, добра яго ведае, прадстаўляе прэзыдэнта болей, чым парлямэнт, у паездках у ПАРЭ, у Парлямэнцкую Асамблею АБСЭ й гэтак далей”.

Паводле зьвестак з Нацыянальнага сходу, Аляксандар Лукашэнка асабіста выкрасьліў прозьвішча віцэ-сьпікера Ўладзімера Канаплёва са сьпісаў дэпутатаў, якія ехалі на ратэрдамскую сэсію ПА АБСЭ.

І вось новы выпадак — спадар Канаплёў ня трапіў у лік сямі прэзыдэнцкіх упаўнаважаных у палаце. Іван Пашкевіч мяркуе, што віцэ-сьпікер пацярпеў пасьля сваіх выказваньняў у газэце “Обозреватель”, дзе ён заклікаў часова прыпыніць дзейнасьць Міністэрства інфармацыі, а не “Белорусской деловой газеты”.
XS
SM
MD
LG