Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЫТНЫ ЗБОР ЗА ІНШАМАРКУ ДА 1990 ГОДУ ВЫПУСКУ БУДЗЕ ЎТРАЯ ВЫШЭЙШЫ ЗА КОШТ САМОЙ МАШЫНЫ


Ігар Карней, Менск

Гэтымі днямі на беларускіх памежных пераходах вялізныя чэргі. Праўда, пакуль сярод перагоншчыкаў абсалютную бальшыню складаюць грамадзяне Расеі і Казахстану. Але пасьля таго, як чуткі аб падвышэньні мытных збораў на іншамаркі ў Беларусі нарэшце атрымалі рэальнае пацьверджаньне, на літоўскія, польскія і намецкія аўтарынкі імкліва скіраваліся і беларусы: прынамсі, цягам наступнага месяца ёсьць шанец істотна заашчадзіць на гэтак званай “растаможцы”. Калі дагэтуль сярэдняя сума мытных адлічэньняў вагалася ў межах 500 даляраў, то ў хуткім часе яна складзе $800–900. У Дзяржаўным мытным камітэце нешматслоўна, але пацьвердзілі факт надыходнага падвышэньня мытных збораў.

(Супрацоўнік мытнага камітэту: ) “Будзе так: ад трох да сямі год — 0,35 эўра за сантымэтар кубічны, вышэй за сем год — 0,6 эўра і старэй за 14 год — 2 эўра за “кубік”. Вось такога кшталту зьмены...”

Тое, што нават сямігадовыя машыны будуць ацэньвацца паводле ранейшых разьлікаў, для бальшыні аўтааматараў — малое суцяшэньне. Справаздачы Дзяржаўтаінспэкцыі сьведчаць, што доля зарэгістраваных машынаў, пачынаючы ад 1996 году выпуску, складае толькі 18% ад агульнай колькасьці легкавога транспарту.

Цяпер сярэднестатыстычны кошт ўвезенага з-за мяжы аўто складае 1940 даляраў, і гэта як мінімум 10-гадовая машына. І калі дагэтуль аўтааматар плаціў на мяжы ў сярэднім 25% ад ейнага кошту, то цяпер давядзецца выкласьці амаль 50%. Для тых жа, хто захоча ўвезьці ў Беларусь машыну, старэй за 1990 год, мытнае афармленьне аўто з 2-х літровым рухавіком перавысіць 4 тысячы эўра. Відавочна, новаўвядзеньне найперш ударыць па тых, хто ні пры якім раскладзе не дазволіць сабе адносна новае аўто.

Аўтааматар з 40-гадовым досьведам, эканаміст Леанід Заіка акцэнтуе ў гэтым зьвязку ўвагу на тым, што падобныя падвышэньні нічым не матываваныя: Беларусі, адрозна ад той жа Расеі, няма неабходнасьці абараняць уласны рынак — вытворцаў легкавых аўтамабіляў у Беларусі няма.

(Заіка: ) “Я ня ведаю, каму выгадная такая “растаможка”. Гаварыць, што гэта зьвязана з экалягічнымі нормамі, альбо жаданьнем ураду забясьпечыць беларусаў больш сучасным аўтатранспартам, неразумна. Бо пры 100-даляравым заробку спадзявацца, што сярэдні беларус будзе набываць аўто за 7–8 тысяч даляраў, трацячы на гэта пяць год жыцьця, — гэта абсурд. Таму датычна Зымбабвэ, Батсваны, Беларусі ўводзіць эўрапейскія стандарты, у адпаведнасьці зь якімі сямігадовы аўтамабіль лічыцца старым і экалягічна непрымальным — гэта дэмагогія.

У Беларусь трэба заахвочваць завоз любых аўто — і старэй за дзесяць год, і за дваццаць. Калі чалавек можа купіць машыну за 500 даляраў альбо ўзяць яе ў краінах гэтак званага “залатога мільярду” на звалцы бясплатна — няхай бярэ, рамантуе, езьдзіць. Што ў гэтым дрэннага?”

У суседняй Літве, якая гэтаксама існуе коштам завезеных аўто, збор афармленьня за імпартаваную машыну складае прыблізна 100 даляраў. У беларусаў жа ў новых умовах застаецца адзіны шанец заашчадзіць — набываць патрыманыя расейскія ВАЗы. Паводле беларуска-расейскіх мытных пагадненьняў, “Жыгулі”, купленыя ў любой краіне сьвету, мытным зборам у Беларусі не абкладаюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG