На памежным пераходзе “Варшаўскі мост” сёньня не адчувалася iстотных зьменаў у працы памежных і мытных службаў: чарга аўтамабіляў і аўтобусаў складала каля аднаго кілямэтру. Але кіроўцы, ужо ведалі, што на польскім баку рух транспарту вельмі абмежаваны, і таму абмяркоўвалі іншы маршрут для вяртаньня ў Беларусь. Зьвесткі пра нязручнасьці пры перасячэньні мяжы пацьвярджаюць і кіроўцы, што вярталіся праз пункт пропуску “Тэрэспаль”.
(Кіроўца: ) “Асноўная прычына — гэта тое, што ў палякаў працуе толькі адзіны канал замест ранейшых шасьці ці васьмі. Яны іх усе зачынілі, рамантуюць і накіравалі машыны ў адзіную чаргу. Канечне, будзе чарга...”
Беларускія мытнікі і памежнікі таксама раяць усім кіроўцам абмінаць гэты памежны пераход пры вяртаньні з Польшчы ў Беларусь. Пры гэтым прэсавы сакратар берасьцейскай мытні “Заходні Буг” Сяргей Максімаў цьвердзіць, што польскі бок не папярэдзіў аб наступствах рэканструкцыі памежнага пераходу ў Тэрэспалі.
(Максімаў: ) “Палякі да нас не зьвярталіся. Мы самі самастойна абвесьцілі кіроўцам, каб тыя не стваралі чэргі. Але гэта павінны былі рабіць палякі і зьвярнуцца да нас, на нашу тэрыторыю, каб мы зрабілі такую аб’яву”.
Паводле зьвестак спадара Максімава, рэканструкцыю памежнага пераходу ў Тэрэспалі польскі бок плянуе скончыць да 1 кастрычніка. Як вядома, менавіта з гэтай даты пачне дзейнічаць паўнавартасны візавы рэжым паміж Польшчай і Беларусьсью. Тым часам рэканструкцыя берасьцейскага памежнага пераходу “Варшаўскі мост” павінна скончыцца сёлета ў сьнежні.
Варта нагадаць, што “Варшаўскі мост” і “Тэрэспаль” — самыя буйныя аўтапераходы на беларуска-польскай мяжы. Да рэканструкцыі празь іх штодня рухаліся каля 3 тысяч аўтамабіляў і амаль 12 тысяч чалавек. Зараз трапіць у Беларусь з Польшчы мытнікі ды памежнікі раяць праз пункты пропуску “Дамачава” і “Пясчатка”.