Праблема захаваньня й перапрацоўкі радыёактыўных адкідаў у Беларусі на першы погляд падаецца не настолькі складанай, як, напрыклад, у краінах, дзе ёсьць атамныя электрастанцыі. Для дзяржаваў кшталту Расеі, Украіны ці Літвы заўсёды актуальнае пытаньне, куды падзець перапрацаванае паліва з АЭС. У Беларусі такія рэчывы засталіся ў невялікай колькасьці, бо атамнае паліва выкарыстоўвалася выключна ў навуковых мэтах яшчэ за савецкімі часамі – да чарнобыльскай аварыі.
Іншая рэч – мэдычныя ды прамысловыя адкіды нізкай і сярэдняй радыяцыйнай актыўнасьці, якія патрабуюць доўгатэрміновага захоўваньня. У нашай краіне існуе адзіны пункт захоўваньня гэтых рэчываў – пасёлак Сосны пад Менскам. Але тэхнічна-інжынэрны стан гэтага аб’екта, збудаванага сорак гадоў таму, выклікае шмат засьцярогаў. Адносна нядаўна на адным з калодзежаў з адпрацаванымі крыніцамі здарылася небясьпечная сытуацыя, ліквідаваньнем якой цяпер займаюцца.
Мяркуецца, што ў будучыні найбуйнейшае ў Беларусі сховішча радыёактыўных адкідаў ператворыцца ў перавалачны пункт, зь якога небясьпечныя рэчывы паступова перавязуць у іншае месца. Пляцоўка пад новы пункт захоўваньня пакуль ня знойдзеная, дый для гэтага таксама патрэбныя немалыя сродкі. Але нават для таго, каб прыбраць адкіды са сховішча ў Соснах, трэба правесьці сур’ёзную працу. Гаворыць галоўны спэцыяліст аддзелу Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Ларыса Разьдзялоўская.
(Разьдзялоўская: ) “Мы яго цяпер разглядаем як месца доўгатэрміновага захоўваньня. Такая ў нас задача, і калі ў нас атрымаецца яе рэалізаваць, то гэта будзе проста цудоўна. Бо пачыналі мы першыя, але з-за недахопу фінансавых сродкаў мы цяпер толькі сярод тых, хто гэта робіць. А цяпер гэта робіць і Ўкраіна, і Расея, і Кітай, і Вугоршчына. Сытуацыя ў шмат якіх краінах была такая”.
У 1997 годзе рэканструкцыя пункта захоўваньня пачалася, але два гады таму прыпынілася з-за недахопу сродкаў. Цяпер зьявілася ўрадавая пастанова, згодна зь якой праца павінна ўзнавіцца. Аднак і цяпер сродкі паступаюць марудна. Паводле словаў Ларысы Разьдзялоўскай, фінансавацца рэканструкцыя павінна амаль цалкам з рэспубліканскага бюджэту. Магчыма, з гэтай прычыны з паступленьнем грошай ёсьць праблемы.
Спадзявацца на фінансавую дамапогу міжнародных арганізацыяў не выпадае: тое ж МАГАТЭ аказвае ў гэтым праекце тэхнічную ды кансультацыйную падтрымку. Спадарыня Разьдзялоўская сказала, што арганізацыя дала ўнікальнае абсталяваньне, якое колькі год стаіць нават не распакаванае, бо яго няма куды прыстасаваць. Між тым, канвэнцыя пра бясьпеку абыходжаньня з радыёактыўнымі адкідамі, да якой Беларусь нядаўна далучылася, абавязвае краіну прытрымлівацца высокіх стандартаў захоўваньня небясьпечных рэчываў.
Як прызналася мая суразмоўца, праца зь міжнароднымі донарскімі арганізацыямі ў Беларусі ідзе цяжка, таму разьлічваюць тут збольшага на ўнутраныя рэсурсы. Іншыя краіны фінансавую падтрымку звонку маюць. Напрыклад, Літва вырашае аналягічныя праблемы пры садзеяньні Эўракамісіі.