Тыдзень таму матэрыялы “БДГ” надрукавала маскоўская “Новая газета”. Выдавецкае прадпрыемства “Марат”, якое выпускае “БДГ”, спадзяецца, што супольны выпуск з “Новай газетай” на гэтым тыдні ўсё ж выйдзе. Намесьніца дырэктара прадпрыемства “Марат” Любоў Вашкевіч цяпер бачыць варыянт друкаваньня ў Маскве як адзіны магчымы пасьля выпадку з баранавіцкай “Местной газетой”, якая друкавалася ў Слоніме. Спадарыня Вашкевіч распавяла пра наступствы супольнага нумару “БДГ” і “Местной газеты”:
(Вашкевіч: ) “Дырэктар друкарні ляжыць пад капельніцай у слонімскім шпіталі. Скасавалі кантракт з мэнэджэрам, якая прыняла друкаваць гэтую газэту. Яна пэнсіянэрка, працавала паводле кантракту. Вычытала ўсю газэту, не знайшла ніякай крамолы. Аднак кантракт зь ёй скасавалі”.
Любоў Вашкевіч нагадала, што тое самае адбылося з салігорскай газэтай “Салідарнасьць”, якую адмовіліся друкаваць пасьля таго, як выйшаў яе супольны нумар з “Белорусской деловой газетой”. Падобны лёс напаткаў і англамоўную газэту “Belarus Today – Белоруссия сегодня”, якая таксама ня можа знайсьці сабе друкарню. Таму да чатырох прыпыненых газэт прадпрыемства “Марат” – “Белорусской деловой”, штомесячнага дадатку да яе “Для служебного пользования”, “Предпринимательской газеты” і штотыднёвіка “Эхо” – можна цяпер дадаць яшчэ тры, разам з новай ахвярай у Баранавічах. Калі ўлічыць прыпыненую газэту “Навінкі”, пазоў якой супраць Міністэрства інфармацыі будзе разглядацца ўжо ў гэтую сераду Вышэйшым гаспадарчым судом, дык агульная колькасьць незалежных выданьняў, якія пазбавіліся магчымасьці друкавацца гэтым летам, склала ўжо 8.
Любоў Вашкевіч кажа, што кожная новая спроба выпусьціць матэрыялы журналістаў “БДГ” у іншай газэце выклікае рэпрэсіі з боку ўладаў.
(Вашкевіч: ) “Мы маем інфармацыю, што ў Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях усе друкарні атрымалі ўказаньне “Местную газету” не друкаваць”.
Тое самае будзе з кожнай іншай газэтай, якая надрукуе матэрыялы “БДГ”, упэўненая спадарыня Вашкевіч. Улады цяпер адсочваюць кожны крок прадпрыемства “Марат” і адразу спыняюць яго.
Што да судовых справаў “БДГ”, дык усе рашэньні Вышэйшага гаспадарчага суду рэдакцыя абскардзіла, але ніякай інфармацыі пра разгляд гэтых скаргаў няма. Былі абскарджаныя і ўсе міліцэйскія рашэньні пра канфіскацыю накладаў газэт. З Дубровенскага раённага аддзелу міліцыі прадпрыемству “Марат” паведамілі, што перадалі скаргу на затрыманьне “Предпринимательской газеты” ў пракуратуру.