“Паўсюль таямніца”, – гэткі загаловак мае матэрыял пра новы дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі, што зьмясьціў у сёньняшнім нумары адзін з найбольш аўтарытэтных польскіх штодзёньнікаў “Rzeczpospolita”.
Газэта піша, што сярод ўстановаў, якія змогуць, паводле дэкрэту, “ахінуць сваю дзейнасьць дзяржаўнай таямніцай”, акрамя, прыкладам, КГБ, знаходзяцца Міністэрства культуры ці Беларуская чыгунка.
“Rzeczpospolita” зьмяшчае меркаваньні адмыслоўцаў, якія падаюць прынамсі тры прычыны зьяўленьня падобных абмежаваньняў менавіта цяпер.
Па-першае, гэта можа быць зьвязанае з будучым рэфэрэндумам у справе канстытуцыі гэтак званага зьвязу Беларусі і Расеі, які адначасова можа быць выкарыстаны і дзеля ўнясеньня паправак у асноўны закон Беларусі, каб Лукашэнка мог балятавацца на пасаду прэзыдэнта трэці раз. Таму беларускія ўлады хочуць абмежаваць магчымасьці Захаду, Крамля і апазыцыі дзеля пошуку незалежнай інфармацыі пра сытуацыю ў краіне. Прычым галоўнае – гэта не дапусьціць зьяўленьня зьвестак, якія маглі б панізіць рэйтынг Лукашэнкі ды іншых органаў улады.
Па-другое, прычынай засакрэчваньня дзейнасьці такой колькасьці дзяржаўных установаў, паводле польскага штодзёньніка, можа быць эканамічны крах у Беларусі, які ўлады ўсяляк хочуць схаваць ад грамадзкасьці.
І нарэшце, па-трэцяе, беларускія ўлады, якія могуць весьці нейкія перамовы зь іншымі рэжымамі, выкарыстоўваючы дэкрэт, хочуць зрабіць так, каб пра гэта ніхто не даведаўся.
“Rzeczpospolita” падае таксама і меркаваньні журналістаў некаторых незалежных беларускіх мэдыяў, якія кажуць, што дэкрэт Лукашэнкі азначае для іхных выданьняў інфармацыйную блякаду.