Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРАНАВІЦКАЯ НЕЗАЛЕЖНАЯ ГАЗЭТА “МЕСТНАЯ ГАЗЕТА “ШАГ” ПАЗБАЎЛЕНАЯ МАГЧЫМАСЬЦІ ДРУКАВАЦЦА


Алесь Горбач, Баранавічы

Паведамленьне аб скасаваньні дамовы на паліграфічныя паслугі выдавец “Местной газеты “Шаг” прыватны прадпрымальнік Анатоль Вайцяхоўскі атрымаў учора па факсавай сувязі. Прычынай такіх дзеяньняў кіраўніцтва друкарні, паводле тэксту паведамленьня, стаў недахоп паліграфічных магчымасьцяў. Спадар Вайцяхоўскі гэтым вельмі зьдзіўлены і мае іншую думку:

(Вайцяхоўскі: ) “Я тут бачу толькі палітычныя матывы адмовы, бо дагэтуль не было ніякіх падставаў, каб нам адмовіць у друку. Мала таго, мы дамовіліся з друкарняй, што будзем друкавацца два разы на тыдзень”.

Сапраўдную прычыну адмовы Анатоль Вайцяхоўскі бачыць у іншым. Паводле ягонай інфармацыі, пасля таго, як “Местная газета “Шаг” на мінулым тыдні прадставіла свае старонкі для матэрыялаў “Белорусской деловой газеты”, Слонімскую друкарню наведала нейкая дзяржаўная праверка і забараніла друкаваць ягонае выданьне. Хутчэй за ўсё, лічыць спадар Вайцяхоўскі, дзяржаўным органам стала вядома, што ў найбліжэйшы час плянавалася выдаць яшчэ некалькі нумароў “Местной газеты “Шаг” з матэрыяламі “БДГ”.

Прадпрымальнік кажа, што ўжо быў дамовіўся друкаваць газэту ў менскай прыватнай друкарні “Плутас-Маркет”, аднак празь некаторы час адтуль патэлефанавалі і паведамілі, што ня могуць заключыць зь ім дамову, спаслаўшыся гэтаксама на моцную загружанасьць замовамі. З усіх гэтых падзей Анатоль Вайцяхоўскі зрабіў наступную выснову:

(Вайцяхоўскі: ) “На маю думку, нейкі цыркуляр быў спушчаны зьверху, каб маю газэту, “Местную газету “Шаг” не друкавалі”.

Паводле інфармацыі спадара Вайцяхоўскага, учора такое ж факсавае паведамленьне аб скасаваньні дамовы на паліграфічныя паслугі атрымала ад слонімскай друкарні і ваўкавыская “Местная газета”. Такім чынам, лічыць Анатоль Вайцяхоўскі, кіраўніцтва Слонімскай друкарні падстрахавалася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG