Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЛУЦКІЯ ДЭМАКРАТЫ СМУТКУЮЦЬ З НАГОДЫ СЬМЕРЦІ АЛЯКСАНДРА КАТЛЯРОВА


Міхал Стэльмак, Менск

Вестка пра заўчасную сьмерць Аляксандра Катлярова стала цяжкім ударам для яго сяброў і паплечнікаў. Гаворыць адзін зь лідэраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Пётар Голасаў:

(Голасаў: ) “Гэта цяжкая страта перш-наперш для слуцкіх дэмакратаў і ўвогуле для слуцкай супольнасьці, для случчанаў. Бо многія мерапрыемствы, якія праводзіла апазыцыя на Случчыне, праходзілі пад кіраўніцтвам самога Аляксандра Пятровіча. Мы зь ім ня так даўно размаўлялі і падлічылі, што ён затрымліваўся за ўдзел у апазыцыйных мерапрыемствах больш як 10 разоў. І ў Менску, і ў Салігорску, і ў сябе ў Слуцку”.

Аляксандар Катляроў шмат гадоў служыў афіцэрам у войску. Пасьля звальненьня засьведчыў сябе як актыўны змагар за дэмакратыю на Случчыне. У нашым архіве захаваліся запісы ягоных думак і меркаваньняў на гэты конт:

(Катляроў: ) “Перамяшалася ўлада выканаўчая і прадстаўнічая. Я буду гэтыя праблемы ўздымаць незалежна ад таго, выйду я ці не ў дэпутаты”.

У чэрвені Аляксандр Катляроў апошні раз распавядаў нам пра жыцьцё і падзеі ў Слуцку:

(Катляроў: ) “18 чэрвеня ў Слуцку адбывалася нарада пад кіраўніцтвам міністра абароны Беларусі генэрала Мальцава. А 13-й гадзіне, калі ён ішоў, я падыйшоў да яго і перадаў яму ліст паперы, каб вырашылі да канца пытаньне калектыўнага звароту 53 жыхароў нашага дома”.

Слуцкі дэмакрат пакінуў шмат нявырашаных спраў. Гаворыць Пётар Голасаў:

(Голасаў: ) “Я ведаю, што апошнім часам ён актыўна займаўся стварэньнем грамадзкага камітэту па захаваньні помнікаў Слуцкага Збройнага Чыну. Яму па-чалавечы было сорамна, што да гэтых помнікаў Слуцкага Збройнага Чыну мы зьвяртаемся толькі падчас дат – памятных ці святочных. А ён хацеў, каб на гэтых прыкладах штодзённа, шточасна вучыліся ўсе беларусы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG