Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНЭРАЛЬНЫ САКРАТАР ААН ЗАКЛІКАЎ ЗША І ВЯЛІКАБРЫТАНІЮ РАСПРАЦАВАЦЬ ДАКЛАДНЫ ГРАФІК ВЫВАДУ ВОЙСКАЎ З ІРАКУ


Юры Дракахруст, Прага

Генэральны сакратар ААН Кофі Анан заклікаў Злучаныя Штаты і Вялікабрытанію распрацаваць дакладны графік вываду войскаў з Іраку і паскорыць перадачу ўлады іракцам. “Дэмакратыю немагчыма накінуць звонку”, – заўважыў сп. Анан. Ён вітаў стварэньне кіраўнічай рады Іраку, складзенай з уплывовых ірацкіх палітыкаў, аднак падкрэсьліў, што ірацкі народ мусіць ведаць тэрмін вяртаньня поўнага сувэрэнітэту.

Чакаецца, што менавіта гэтыя тэзы стануць асноўнымі пунктамі сёньняшняй справаздачы Кофі Анана на адмысловым паседжаньні Рады бясьпекі ААН.

Сябры Рады бясьпекі заслухаюць таксама справаздачу прадстаўніка генэральнага сакратара ААН ў Іраку Сэрджыў Віэйра Ды Мэлу. Галоўнай тэмаю паседжаньня стане праблема пашырэньня ролі ААН і міжнароднай супольнасьці ў цэлым ў справе аднаўленьня Іраку.
Учора прэзыдэнт ЗША Джордж Буш вітаў гэтую пэрспэктыву:

(Буш: ) “Чым больш людзей з розных краінаў задзейнічаныя ў Іраку, тым лепш, наш намер палягае менавіта ў тым, каб зацікавіць гэтых людзей зрабіць Ірак больш бясьпечным і больш свабодным. Свабодны Ірак ёсьць ключавым момантам перамогі ў вайне з тэрарызмам”.

Разам з тым Джордж Буш прыгадаў рэзалюцыю Рады бясьпекі ААН, якая канстатуе кіраўнічую ролю кааліцыі ў кіраваньні Іракам. Францыя, Расея і Індыя выказваюць гатоўнасьць зрабіць унёсак у стабілізацыю Іраку, але толькі на падставе новай рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН, якая б пашырала ролю Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Іраку.

На сёньняшнім паседжаньні прысутнічаюць прадстаўнікі кіраўнічай рады Іраку: лідэр ірацкага нацыянальнага кангрэсу Ахмэд Чалябі, былая дыпляматка Акіла Аль Хашэмі і былы міністар замежных справаў Аднан Пачачы. Прызнаньне кіраўнічай рады з боку ААН падвысіла б уплыў і аўтарытэт гэтага органу. Гаворыць Батшэба Крокер, экспэрт Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледваньняў.

(Крокер: ) “Ёсьць жаданьне надаць гэтай радзе важную ролю ў будучыні і гэта будзе крокам да таго, каб надаць ірацкае аблічча тым рашэньням, якія прымаюцца ў Іраку. І я мяркую, што з блаславеньня ААН рада фармалізуе той працэс, які верагодна будзе карысным”.

Спн. Крокер уваходзіла ў групу экспэртаў, якія на працягу 10 дзён вывучалі сытуацыю ў Іраку. Экспэрты прыйшлі да трывожных высноваў, паводле іх у ЗША ёсьць тры месяцы, каб пераламіць сытуацыю ў Іраку. Гаворыць Батшэба Крокер:

(Крокер: ) “Ёсьць пэўны энтузыязм адносна таго, што адбываецца, але ёсьць і праблемы, рост незадаволенасьці, зьвязанай з тым, што вельмі марудна ўсталёўваецца бясьпека і аднаўляюцца асноўныя сыстэмы жыцьцядзейнасьці. Мы прыйшлі да высновы, што мы пакуль маем акно магчымасьцяў, але гэтае акно зачыняецца”.

Экспэрты раяць далучыць да справы адбудовы Іраку як мага большае кола краінаў, не абмяжоўваючыся тымі, што падтрымлівалі ваенную апэрацыю. Галоўная парада экспэртнай групы – шырокае далучэньне іракцаў да вырашэньня праблемаў бясьпекі. Амэрыканскае камандаваньне ў Іраку гэтымі днямі ўжо пачало фармаваньне ірацкіх узброеных сілаў. З добраахвотнікаў мяркуецца стварыць 10 батальёнаў па 350 чалавек у кожным. Пры гэтым вытрымліваецца патрабаваньне, каб ніводзін з афіцэраў новага ірацкага войска ня меў пры рэжыме Садама званьне вышэй за палкоўніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG