Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІЦТВА КХП БНФ ЗАКЛІКАЕ БАЙКАТАВАЦЬ БУДУЧЫ РЭФЭРЭНДУМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пазовы аб прызнаньні несапраўднай дамовы, падпісанай Аляксандрам Лукашэнкам і Барысам Ельцыным 8 сьнежня 1999 году, падалі Сяргей Папкоў, Алесь Чахольскі, Уладзімер Юхо, Алег Радзюк, Кастусь Кашэль і Генадзь Пляшко. Яны прасілі Вярхоўны суд прызнаць дамову несапраўднай і неадпаведнай беларускай Канстытуцыі.

Гаворыць намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) " Вярхоўны суд не разгледзеў нашыя заявы, ня ўзяў на сябе адказнасьць і незаконна накіраваў іх у Ленінскі раённы суд. Райсуд не распачаў разгляд грамадзянскай справы , а проста аформіў вызначэньне, што гэтая справа ня можа разглядацца ў судах. На гэтае вызначэньне мы падалі скаргі ў гарадзкі суд, і калегія Менгарсуду пацьвердзіла тое ж самае".

Калегія ў грамадзянскіх справах Менгарсуду пакуль разгледзела толькі 4 скаргі, але актывісты КХП БНФ перакананыя, што і дзьве апошнія скаргі напаткае такі ж самы лёс. Аўтары скаргаў і не спадзяваліся, што прызначаныя Аляксандрам Лукашэнкам судзьдзі прызнаюць несапраўднай саюзную дамову. Але яны вырашылі прайсьці ў гэтай справе ўсе юрыдычныя прыступкі да канца.

Разам з тым шасьцёра актывістаў КХП БНФ зьвярнуліся ў Камітэт правоў чалавека ААН і ў АБСЭ з просьбай не дапусьціць ліквідацыі незалежнасьці Беларусі. Аўтары зваротаў просяць разгледзець гэтую справу на паседжаньні Рады бясьпекі ААН і спэцяльнай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Прадстаўнікі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ ужо сабралі каля 1500 подпісаў грамадзянаў пад калектыўнай заявай у Вярхоўны суд з просьбай прызнаць саюзную дамову несапраўднай і неадпаведнай Канстытуцыі.

Сяргей Папкоў працягвае:

(Папкоў: ) "Гэтая праца йдзе ў рэчышчы байкоту рэфэрэндуму, які рыхтуе Аляксандар Лукашэнка. Таму, што галоўнае пытаньне на гэтым рэфэрэндуме будзе пра Канстытуцыйны акт. Які зацьвердзіць той незаконны чын, што зрабіў Лукашэнка 8 сьнежня 1999 году".

КХП БНФ заклікае ўсе дэмакратычныя сілы Беларусі далучыцца да кампаніі байкоту будучага рэфэрэндуму, каб не дапусьціць прыняцьця Канстытуцыйнага акту й ня даць магчымасьці Аляксандру Лукашэнку балятавацца на трэці прэзыдэнцкі тэрмін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG