Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЯ ВЫПРАЦАВАЛА ПЛЯН СУПРАЦЬДЗЕЯНЬНЯ ТРЭЦЯМУ ТЭРМІНУ ЛУКАШЭНКІ


Валер Каліноўскі, Менск

Лідэры Беларускага народнага фронту, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, Партыі працы і Партыі камуністаў беларускай сёньня ўхвалілі праект пляну супольных дзеяньняў на выпадак спробаў Аляксандра Лукашэнкі працягнуць свае паўнамоцтвы на трэці тэрмін. Пры гэтым прадстаўнікі апазыцыі разумеюць, што магчымы ня толькі рэфэрэндум на аснове недэмакратычнага заканадаўства, але і іншыя псэўдаюрыдычныя крокі з выкарыстаньнем Палаты прадстаўнікоў, Канстытуцыйнага акту, ці нарэшце, дэкрэту. Гаворыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Таму мы выпрацавалі некалькі падыходаў арганізацыйных, мы плянуем зь верасьня пачаць інфармацыйную працу, скіраваную на растлумачэньне народу, грамадзянам і небясьпекі ўвядзеньня трэцяга тэрміну, і антыдэмакратычнасьці заканадаўства, і залежнасьці сацыяльна-эканамічнага становішча кожнага з нас ад гэтых на першы погляд абстрактных чыньнікаў”.

Спадар Вячорка паведаміў, што плян супольных дзеяньняў утрымлівае некалькі разьдзелаў: інфармацыйная кампанія, арганізацыйная праца, міжнародная дзейнасьць. Яны падзеленыя на два блёкі: да афіцыйнага аб’яўленьня ўладай аб намеры змяніць Канстытуцыю і пасьля прызначэньня рэфэрэндуму ці іншай акцыі.

(Вячорка: ) “Уласна кажучы, грамадзкая кампанія можа стартаваць тады, калі сапраўды рэальныя крокі зробіць рэжым. І пачнецца яна са скліканьня вялікага і шматлюднага кангрэсу ўсіх тых сілаў, якія выступаюць супраць трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва”.

Вінцук Вячорка кажа, што цяпер больш за 65% насельніцтва Беларусі супраць скасаваньня канстытуцыйнага абмежаваньня на трэці тэрмін прэзыдэнцтва, таму ён спадзяецца, што кааліцыя грамадзкіх і палітычных сілаў супраць трэцяга тэрміну таксама будзе значнай і шырокай. Ня выключана, што ўтворыцца адмысловы блёк партыяў, які будзе каардынаваць свае дзеяньні і падчас верагоднага рэфэрэндуму, і падчас наступных парлямэнцкіх выбараў.

Адзін зь лідэраў беларускай сацыял-дэмакратыі Аляксей Кароль кажа, што патрэбная актыўная растлумачальная кампанія сярод насельніцтва з выкарыстаньнем усіх магчымых формаў. Гаворыць Аляксей Кароль:

(Кароль: ) “Небясьпека трэцяга тэрміну перш за ўсё ў тым, што парушаецца Канстытуцыя, парушаецца Асноўны закон краіны. Гэтае парушэньне цягне за сабой канчатковае ўсталяваньне антыдэмакратычнага, аўтарытарнага ладу, і дэмакратычныя пазыцыі і прынцыпы будуць цалкам парушаныя. Але ёсьць і сацыяльна-эканамічныя наступствы”.

Аляксей Кароль заўважыў, што, адказваючы на пытаньне аб магчымасьці свайго ўдзелу ў наступных выбарах, А. Лукашэнка спасылаецца на “волю народу”, адкрыта ігнаруючы канстытуцыйныя палажэньні. Усе гэтыя заявы і дзеяньні ўладаў супраць незалежных СМІ і трэцяга сэктара сьведчаць пра падрыхтоўку да працягу паўнамоцтваў на трэці тэрмін, аднак, на думку Аляксея Караля, пакуль уладай ня вызначана, у якой форме гэта мае адбыцца. Лідэр БСДП “Народная Грамада” Мікола Статкевіч пакуль не далучыўся да блёку супраць трэцяга тэрміну з прычыны пэўных разыходжаньняў зь іншымі апазыцыйнымі партыямі, але ў выпадку аб’яўленьня рэфэрэндуму ягоная партыя абавязкова будзе каардынаваць свае дзеяньні з рэштай апазыцыі.

(Статкевіч: ) “Калі рэфэрэндум будзе, то безумоўна, будзем змагацца супраць, нягледзячы ні на што, будзем шукаць кантакты, каардынацыю зь іншымі партыямі. Без усялякіх ужо ўмоў – там не да ўмоў”.

Мікола Статкевіч ўпэўнены, што змагацца трэба пры любых умовах, заўсёды ёсьць шанцы на перамогу, апазыцыя мусіць сканцэнтрававаць сваю ўвагу на агітацыі і назіраньні:

(Статкевіч: ) “Безумоўна, можна прагназаваць, што калі рэфэрэндум адбудзецца гэтай восеньню, машына фальсыфікацыяў не зламаецца. Лічбы будуць прастаўленыя. Але ўсё роўна змагацца трэба за перамогу”.

Лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч мяркуе, што для перамогі на гіпатэтычным рэфэрэндуме А. Лукашэнка павінен ужыць беспрэцэдэнтны ціск на грамадзтва, але гэта толькі зьнізіць ягоную папулярнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG