Асноўны час абмеркаваньня быў прысьвечаны ўнутраным справам Рады, такім як сяброўства ў Радзе ды падрыхтоўцы чарговай сэсіі Рады БНР. Чарговая сэсія прызначаная на 25-26 кастрычніка сёлета. Радныя таксама абмяркоўвалі палітычную сытуацыю ў Беларусі ў сувязі з імкненьнем Лукашэнкі падоўжыць свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы праз рэфэрэндум і палітыку душэньня палітычнай апазыцыі, свабоды слова і беларускасьці. Прэзыдыюм прыняў рашэньне распаўсюдзіць зварот да ўрадаў заходніх краін у сувязі са зьнішчэньнем рэжымам Лукашэнкі беларускага школьніцтва і закрыцьцём адзінага нацыянальнага беларускага ліцэю.
Аднак пачалося паседжаньне з хвіліны маўчаньня ў памяць Васіля Быкава. Сябры Прэзыдыюму абмеркавалі пытаньні, зьвязаныя з працай камісіі ў справе ўшанаваньня памяці вялікага пісьменьніка.
Зь іншых пытаньняў Радныя таксама абмеркавалі магчымасьці далейшага ўплыву на палітыку ЗША ды іншых заходніх краінаў у дачыненьні да рэжыму ў Беларусі. Адным з наступных крокаў сябраў Рады, што ёсьць грамадзянамі ЗША, будзе сустрэча з новапрызначаным паслом ЗША ў Беларусь Джорджам Кролам перад ягоным ад’ездам у Беларусь.
Прэзыдыюм Рады вырашыў стварыць камісію, якая будзе займацца інвэнтарызацыяй усіх архіваў Рады БНР, у тым ліку і прыватных. Узначаліў камітэт архіву д-р Вітаўт Кіпель.