Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНФЛІКТ ПАМІЖ НТВ І БЕЛАРУСКІМІ ЎЛАДАМІ БЛІЗКІ ДА ЎРЭГУЛЯВАНЬНЯ

Валер Каліноўскі, Менск

Выступ Аляксандра Лукашэнкі ў суботнім эфіры ў праграме “Асабісты ўклад” быў ініцыяваны кампаніяй НТВ. Гэта пацьвердзілі ў адміністрацыі беларускага прэзыдэнта. Такім чынам, першы крок да прымірэньня зрабіла тэлекампанія. Намесьнік генэральнага дырэктара НТВ Аляксандар Герасімаў у простым эфіры запэўніў беларускага кіраўніка, што ягоны тэлеканал “будзе і надалей ставіцца зь вялікай павагай да Беларусі, да яе народу і, адпаведна, абранага народам прэзыдэнта Лукашэнкі”, ды заклікаў да прымірэньня, прыгадаўшы расейскую прыказку “кто старое помянет — тому глаз вон”.

Гэтыя словы былі ўспрыняты беларускім кіраўніцтвам пазітыўна. Гаворыць прэсавы сакратар А.Лукашэнкі Натальля Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) “Вельмі добра Аляксандар Анатольевіч сказаў аб тым, што хто пра старое нагадае, “тому глаз вон”. Таму я думаю, што гэта канструктыўныя крокі насустрач адно аднаму”.

Натальля Пяткевіч так адказала на пытаньне, ці будзе далей беларускае кіраўніцтва патрабаваць ад НТВ публічнага прабачэньня:

(Пяткевіч: ) “Я думаю, што ў прынцыпе тым самым тэлеканал прызнаў, што пэўная неаб’ектыўнасьць зь іх боку была”.

Прэсавы сакратар А.Лукашэнкі Натальля Пяткевіч паведаміла, што аднаўленьне дзейнасьці карпункту НТВ у Менску будзе адбывацца “ў адпаведнасьці з заканадаўствам Беларусі” ды запэўніла, што зваротныя крокі магчымыя, паколькі “НТВ зрабіла канструктыўныя крокі дзеля ўрэгуляваньня сытуацыі”.

У МЗС тым часам паведамілі, што ніякіх распараджэньняў наконт карпункту НТВ не паступала, але нейкай імгненнай рэакцыі тут і не чакаюць. Відавочна, што беларускаму боку патрэбная паўза некалькі дзён, каб адмяніць старое рашэньне Саўміну пра закрыцьцё прадстаўніцтва тэлекампаніі НТВ. Тэрмін выкананьня таго рашэньня канчаецца 9 жніўня, калі да гэтага часу яно ня будзе адмененае, то прыйдзецца праводзіць працэдуру рэгістрацыі наноў, а гэта возьме некалькі месяцаў.

Тым часам у кіраўніцтве НТВ не даюць ацэнкі, ці можна расцэньваць словы Аляксандра Герасімава як дыпляматычную форму просьбы прабачэньня ў беларускіх уладаў. Прынамсі, сам спадар Герасімаў гаварыць на гэтую тэму адмовіўся. А афіцыйныя СМІ Беларусі камэнтуюць гэтую сытуацыю так, што нібыта на НТВ зразумелі свае памылкі й знайшлі спосаб, як залагодзіць сытуацыю і ў якой форме папрасіць прабачэньня.

Кіраўнік службы грамадзкіх сувязяў НТВ Рыгор Сімановіч зазначыў Свабодзе, што ён так сыуацыю не ацэньвае:

(Сімановіч: ) “Герасімаў — вядучы інфармацыйна-аналітычнай праграмы. І тое, што ён кажа ў праграме, тое ён і кажа. Права кожнага гледача разумець і інтэрпрэтаваць так, як ён хоча і можа. Таму калі ў кагосьці ўзьнікла такое ўражаньне, гэта яго права. У мяне асабіста такога ўражаньня ня ўзьнікла”.

Кіраўнік службы грамадзкіх сувязяў НТВ Рыгор Сімановіч лічыць, што магчымасьць аднаўленьня працы карпункту НТВ у Менску заўчасна камэнтаваць, пакуль толькі сфармуляваныя пазыцыі.

(Сімановіч: ) “Акрамя намёкаў нічога канкрэтнага, нічога дакладнага і яснага з нагоды магчымасьці адкрыцьця ці неадкрыцьця карпункту сказана не было. Таму я лічу самым разумным і правільным проста пачакаць”.

Тым часам, супрацоўнікі менскага карпункту НТВ пакуль ніякіх новых распараджэньняў ня маюць і працягваюць працэдуру закрыцьця свайго бюро.
XS
SM
MD
LG