Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНСТЫТУЦЫЙНЫ СУД АБАРАНЯЕ ПРАВЫ БЕЛАРУСКАМОЎНЫХ СПАЖЫЎЦОЎ


Валянціна Аксак, Менск

Калі актывісты Таварыства беларускае мовы імя Францішка Скарыны зьвярнуліся да дырэкцыі сталічнага ўнівэрмагу “Беларусь” з пытаньнем, чаму гандлёвае прадпрыемства, якое носіць назву краіны, не афармляе цэньнікі і рэкляму тавараў на мове тытульнае нацыі краіны, то атрымалі наступны адказ: “Унівэрмаг атрымлівае каля 100 тысяч розных тавараў… Усе пастаўцы суправаджальныя дакумэнты на пастаўку тавараў друкуюць на расейскай мове. Пераклад інфармацыі на беларускую мову прывядзе да значнай запаволенасьці абароту тавараў…”

Тыповая сытуацыя змаганьня за правы беларускамоўных спажыўцоў, калі ў нарматыўных дакумэнтах пазначаецца, што мова інфармацыі на таварах можа быць расейская альбо беларуская. Патраціўшы не адзін год на нацыянальнае выхаваньне кіраўніцтва цукеркавых магнатаў “Камунаркі” і “Спартаку”, сталічных малочных ды шмат якіх іншых прадпрыемстваў, тэбээмаўцы зьвярнуліся да распрацоўнікаў гэтых самых дакумэнтаў, а менавіта ў Камітэт стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі пры Саўміне.

Распавядае старшыня ТБМ Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Якраз ад іх мы даведаліся, што яны зьбіраюцца прымаць новыя стандарты. Тады мы зьвярнуліся і да іх, і да Старшыні Канстытуцыйнага суду спадара Васілевіча з патрабаваньнем, каб у новыя стандарты была ўнесеная норма пра абавязкую маркіроўку тавараў і па-беларуску. Не ці альбо па-беларуску, а абавязкова і па-беларуску. І накіравалі туды каля тысячы подпісаў грамадзянаў у падтрымку патрабаваньня. Гэта падзейнічала. І паралельна і спадар Васілевіч выказаўся за такое рашэньне. І на паседжаньні кіраўніцтва Камітэту па стандартах аднагалосна было прынятае патрэбнае рашэньне. Пакуль што, праўда, толькі па стандартах для нехарчовых тавараў”.

Згаданы спадаром Трусавым старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч у сваім лісьце на адрас ТБМ піша, што па меркаваньні ягонага ведамства інфармацыя для спажыўцоў як харчовых, так і нехарчовых тавараў “павінна даводзіцца на расейскай і беларускай мовах. Азначанае будзе садзейнічаць мэтам гарантаванага артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь роўнага дзяржаўнага статусу расейскай і беларускай моў. А таксама забесьпячэньню беларускамоўным спажыўцам такіх жа правоў, як і расейскамоўным”.

Спадар Васілевіч паведаміў таксама, што пазыцыю Вярхоўнага Суду ў гэтым пытаньні ён давёў распрацоўнікам стандартаў для неабходных захадаў. Тыя ў сваю чаргу ўжо зьвярнуліся ў ТБМ з просьбаю дапамагчы перакладамі.

І вось як на практыцы, на думку старшыні ТБМ Алега Трусава, будзе выглядаць рэалізацыя гэтых рашэньняў:

(Трусаў: ) “Зараз яны пашлюць ва ўсе ўстановы і ведамствы гэтыя стандарты. Кожнае прадпрыемства атрымае, відаць, на працягу лета гэтыя кніжачкі з новымі стандартамі. Я думаю, што ўжо з восені можна будзе ад любога вытворцы нехарчовых тавараў патрабаваць, каб надпісы на іх былі ў тым ліку і па-беларуску”.

Тым часам тэбээмаўцы рыхтуюць адпаведныя пераклады для стандартаў харчовых тавараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG