Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ ЗША ДЖОРДЖ БУШ НАЗВАЎ БЕЛАРУСЬ СЯРОД 6 КРАІНАЎ, У ЯКІХ ПАРУШАЮЦЦА ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА

Ганна Соусь, Прага

Гэтая заява была зробленая ў часе наведваньня штату Тэхас з нагоды так званага “тыдня прыгнечаных нацыяў”, які ўпершыню адзначылі ў ЗША ў 1959 годзе на знак пратэсту супраць камуністычных рэжымаў. Джордж Буш сказаў: “Мільёны людзей усё яшчэ жывуць пад рэжымамі, і штодня парушаюцца правы чалавека”. У такіх краінах, як Бірма й Іран, грамадзяне ня маюць магчымасьці выбіраць свой урад, ня могуць выказвацца супраць прыгнёту, ня маюць свабоды веравызнаньняў. “Дэспат, які кіруе Кубай, – працягвае Джордж Буш, – садзіць за краты палітычных праціўнікаў і разбурае мірную апазыцыю”. Вось якую характарыстыку Джордж Буш даў Паўночнай Карэі: “Сотні тысячаў людзей знаходзяцца у турэмных лягерах, людзі пакутуюць ад недаяданьня, а рэжым засяродзіўся на распрацоўцы зброі масавага зьнішчэньня”. Варта адзначыць, што Джордж Буш узгадаў Беларусь разам зь Зімбабвэ: ”Гвалт, карупцыя й панаваньне няўмелага кіраўніцтва ў Зімбабвэ і аўтарытарнае кіраваньне ў Беларусі душаць усе праявы палітычнае нязгоды”.

Джордж Буш не ўпершыню кажа пра Беларусь. Летась у сьнежні напярэдадні Міжнароднага дня правоў чалавека прэзыдэнт ЗША згадаў Беларусь разам з такімі краінамі, як Зімбабвэ, Іран, Куба й Паўночная Карэя. “Мы будзем стаяць плячо да пляча зь людзьмі ўсяго сьвету, якія змагаюцца за асноўныя свабоды, з дэмакратычнымі актывістамі Кубы, студэнтамі ўнівэрсытэтаў Ірану, апазыцыйнымі лідэрамі Зімбабвэ, журналістамі Беларусі ці народам Паўночнай Карэі, якія ніколі ня ведалі, што такое свабода”, – заявіў Джордж Буш у сваім звароце.

На гэтым тыдні Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША бальшынёй галасоў ухваліла Законапраект пра міжнародныя дачыненьні на 2004 і 2005 гады. І як вядома, часткаю гэтага законапраэкту стаўся “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”. Гэты дакумэнт прадугледжвае выдаткаваньне фінансавай дапамогі апазыцыйным палітычным партыям і грамадзкім арганізацыям Беларусі ў справе дэмакратызацыі ўлады і грамадзтва. Ухвала законапраекту таксама азначае, што беларускае пытаньне ўвайшло ў лік міжнародных палітычных прыярытэтаў ЗША на найбліжэйшыя гады. І тут варта дадаць, што нядаўна прызначаны амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол заявіў, што ў сваёй працы ў Беларусі ён будзе кіравацца прынцыпамі міжнароднай палітыкі ЗША, а як вядома, яна скіраваная цяпер на барацьбу з таталітарнымі рэжымамі.
XS
SM
MD
LG