Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ КЫРГЫСТАНУ АСКАР АКАЕЎ ДАЎ ЗРАЗУМЕЦЬ, ШТО ЁН НЯ БУДЗЕ БАЛЯТАВАЦЦА НА НАСТУПНЫ ТЭРМІН НА ВЫБАРАХ У 2005 ГОДЗЕ


Ганна Соусь, Прага

Пра магчымы добраахвотны сыход кыргыскага прэзыдэнта Аскара Акаева пачалі гаварыць пасьля прыняцьця закону, які дае пажыцьцёвыя прывілеі былым прэзыдэнтам. У адпаведнасьці зь ім, былы кіраўнік мае судовую недатыкальнасьць і штогадовае ўтрыманьне на 60 тысячаў даляраў.

Адзін з кыргыскіх заканадаўцаў Омурбэк Тэкебаеў упэўнены, што Аскар Акаеў мае намер пакінуць сваю пасаду добраахвотна:

(Тэкебаеў: ) “Прэзыдэнт Аскар Акаеў, як ён выказваўся і раней, сказаў мне яшчэ раз, што ён ня будзе балятавацца на пасаду прэзыдэнта на наступных прэзыдэнцкіх выбарах у 2005 годзе. Акаеў сам казаў мне, што на гэтую пасаду ў краіне ёсьць дастаткова кваліфікаваных людзей, і што ён прыкладзе ўсе намаганьні, каб стварыць умовы для аб’ектыўных і справядлівых выбараў з тым, каб народ абраў таго прэзыдэнта, якага ён захоча”.

Вядомы навуковец Аскар Акаеў у 1990 годзе стаў прэзыдэнтам савецкага Кыргыстану. Праз год Акаева абралі прэзыдэнтам ужо незалежнага Кыргыстану, тады ён быў адзіным кандыдатам на прэзыдэнта. У 1993 годзе ў Кыргыстане была прынятая першая постсавецкая Канстытуцыя, і яна абмяжоўвала прэзыдэнцтва двума тэрмінамі. У 1995 годзе Аскара Акаева абралі на другі тэрмін. А ў 1999 годзе пасьля прыняцьця новай Канстытуцыі Канстытуцыйны суд працягнуў тэрмін прэзыдэнтцва Акаева. Такім чынам, у 2000 годзе для Акаева згодна з новай Канстытуцыяй распачаўся першы тэрмін.

Адакан Мадумараў – дэпутат кыргіскага парлямэнту, адзін з палітычных апанэнтаў Аскара Акаева, ня верыць, што Акаеў ня будзе балятавацца на прэзыдэнта ў 2005 годзе.

(Мадумараў: ) ”Трэба чакаць чаго-небудзь гэтакага ад Аскара Акаева. Гэты чалавек абяцаў і на мінулых выбарах не балятавацца. Ён казаў, што стомлены прэзыдэнцтвам і хоча вярнуцца да навукі. Аднак быў арганізаваны кангрэс маладых навукоўцаў, і яны папрасілі, каб прэзыдэнт заставаўся ва ўладзе да 2010 году. Акаеў ніяк не зрэагаваў на гэта. Я думаю, гэта сьведчаньне таго, што ён хоча быць прэзыдэнтам цягам больш доўгага часу”.

Апанэнты дзейнага прэзыдэнта сьцьвярджаюць, што некалі вельмі папулярны Акаеў губляе падтрымку электарата. Гаворыць праваабаронца Турсунбек Акун.

(Акун: ) “Праўда тое, што калі нехта вельмі доўга застаецца ва ўладзе, то гэта мае дрэнныя наступствы для краіны. Аскар Акаеў паспрыяў паглыбленьню крызысу ў краіне, і ён ня здольны вырашыць гэтыя праблемы. Чым даўжэй ён застаецца ва ўладзе, тым глыбейшы крызыс, тым больш незваротны працэс”.

Калі ў Кыргызстане быў прыняты закон аб пажыцьцёвых прывілеях для былых прэзыдэнтаў, некаторыя экспэрты пачалі параўноўваць Акаева з расейскім прэзыдэнтам Барысам Ельцынам, які датэрмінова пакінуў сваю пасаду, прызначыўшгы пераемніка, які гарантаваў яму прывілеі й судовую недатыкальнасьць. Аднак адзінае, што адсутнічае зараз на палітычнай сцэне Бішкека – гэта пераемнік Акаева.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG