Генэрал Джон Абізаід, новы кіраўнік Цэнтральнага камандаваньня ЗША, прааналізаваў сытуацыю зь бясьпекай ў Іраку. Паводле яго, амэрыканскія вайскоўцы сутыкнуліся з клясічнай партызанскай вайной.
(Абізаід: ) “Існуе арганізацыя, у якую уваходзяць 6-8 чалавек, узброеных гранатамётамі, аўтаматамі ды іншай зброяй. Яны атакуюць нас час ад часу у абраных імі месцах, другім разам мы атакуем іх час ад часу ў абраных намі месцах. Яны, магчыма, атрымліваюць фінансавую дапамогу ад рэгіянальных лідэраў. І я думаю, гэта можна вызначыць як партызанскую тактыку, якую яны выкарыстоўваюць супраць нас”.
Заявы генэрала Абізаіда сьведчаць пра выразную зьмену стаўленьня Вашынгтону да працяглых узброеных нападаў у Іраку. Раней лічылася, што гэта дзеяньні мноства ізаляваных і неарганізаваных групаў, уключна з крымінальнікамі. Яшчэ 30 чэрвеня міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд заявіў журналістам, што напады ня ёсьць нечым накшталт партызанскай вайны ці арганізаванага супраціву. А на мінулым тыдні прэзыдэнт ЗША Джордж Буш упершыню заявіў, што “гэта ўжо не пытаньне, што мы маем праблемы зь бясьпекай у Іраку”. І далей кіраўнік Пэнтагону Дональд Рамсфэльд засьведчыў, што “цудоўна бачна, што ў гарадох і рэгиёнах існуе каардынацыя нападаў на амэрыканскіх вайскоўцаў”.
Канстатацыя таго, што войскі ЗША маюць справу з “партызанкай”, можа перашкодзіць намаганьням Вашынгтону, які цяпер пераконвае іншыя краіны накіраваць сваіх вайскоўцаў для стабілізацыі ў паваенным Іраку. Пакуль некалькі краінаў, улучна з Польшчай, Баўгарыяй, Румыніяй, Вугоршчынай, Літвой, Украінай, Гішпаніяй і некаторымі лацінаамэрыканскімі дзяржавамі абяцалі даслаць каля 5 тысячаў вайскоўцаў для дапамогі ў патруляваньні сэктараў у больш-менш спакойнай паўдзённа-цэнтральнай частцы Іраку.
Францыя й Нямеччына заявілі, што яны ня будуць пагаджацца на любую аднабаковую адпраўку сілаў НАТО ў Ірак. НАТО зараз абмяжоўвае сваю датычнасьць да ірацкай апэрацыі матэрыяльна-тэхнічнай дапамогай і падтрымкай дадзенымі выведкі для шматнацыянальных сілаў, якія, як плянуецца возьмуць удзел у стабілізацыі. Кіраўнік МЗС Нямеччыны Ёшка Фішэр учора заявіў, што Нямеччына выключае любую ролю нямецкіх вайскоўцаў у Іраку. Паводле яго, “адказнасьць за сытуацыю ў Іраку нясуць сілы кааліцыі. А мы ня частка кааліцыі”. Амэрыканскі штодзённы “Wall Street Journal” піша сёньня, што Пэнтагон мог бы выклікаць 10 тысячаў вайскоўцаў Нацыянальнай Гвардыі для ўмацаваньня амэрыканскай прысутнасьці ў сакавіку ці красавіку. Такое разгортваньне магло бы кампэнсаваць любы недахоп ваеных сілаў у тым выпадку, калі нейкія дзяржавы адмовяцца дасыласць сваіх вайскоўцаў.
Дэніэл Ніп, дырэктар Блізкаўсходняй і Паўночнаафрыканскай праграмаў у Лёнданскім Каралеўскім інстытуце аб’яднаных службаў, адзначае, што ўзброены супраціў амэрыканскім і брытанскім сілам у будучым можа павялічыцца.
(Ніп: ) ”Я думаю, што гэта вельмі прываблівае – вярнуцца да ідэі, што гэта ацалелыя прыхільнікі былога рэжыму вядуць гэтую падпольную вайну да зьнясіленьня. Падаецца, што многія з аргумэнтаў, якія прадстаўлялі ЗША раней, сьведчылі пра тое, што вайну вядуць актывісты партыі БААС. Я думаю, што трэба глядзець глыбей. Вельмі хутка грамадзкая думка ў Іраку пачынае выступаць супраць сілаў каааліцыі. І яны ўсё больш усьведамляюцца хутчэй як акупанты, а не як вызваліцелі.
Гэтая незадаволенасьць зьвязаная з тым, што сілы кааліцыі ня здолелі цалкам аднавіць электрычнасьць, ёсьць праблемы з асноўнай інфраструктурай, і гэта ўсё спрыяе незадаволенасьці і расчараваньню. І я думаю, што ў многіх выпадках мясцовыя крыўды і мясцовыя фактары узмацняюць супраціў. І зусім не абавязкова, што гэта ўсе арганізуюць нейкія кіраўнікі спэцслужбаў зь нейкага бункеру”.
Кіраўнік Цэнтральнага камандаваньня ЗША генэрал Абізаід ўчора адзначыў, што амэрыканскія сілы павінны прыстасаваць сваю тактыку да партызанскага супраціву. Ён адзначыў, што амэрыканскія вайскоўцы павінны быць падрыхтаваныя да разгортваньня цягам году ў Іраку замест заплянаванай раней хуткай ратацыі. Гадавая ратацыя выкарыстоўвалася ў часе вайны ў Віетнаме. Знаходзячыся ў краіне цягам году, амэрыканскія вайскоўцы маглі бы наладжваць кантакты з насельніцтвам. І такая датычнасьць характэрная для доўгатэрміновых дзеньняў для падтрыманьня міру, калі давер насельніцтва дапамагае выкараніць паўстанчыя рухі.