Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.ЛУКАШЭНКА ПРЫНЯЎ ДАВЕРЧЫЯ ЛІСТЫ ТРОХ АМБАСАДАРАЎ


Юры Сьвірко, Менск

Прымаючы даверчыя лісты новага італійскага амбасадара ў Беларусі Гульельма Ардыцонэ, Аляксандар Лукашэнка выказаў спадзеў на тое, што старшынёўства Італіі ў Эўрапейскім Зьвязе стане своеасаблівым мостам для ўмацаваньня стасункаў Беларусі з Эўразьвязам. Празь дзень пасьля прыняцьця Палатай прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША законапраекту, дзе згадваецца кепская сытуацыя ў Беларусі, спадар Лукашэнка заявіў амбасадару Італіі: “Прынцыпаў цывілізацыі — дэмакратыі, правоў чалавека —у Беларусі ня менш, чым у іншых краінах Эўразьвязу. Адзінае — мы не прымаем падвойных стандартаў”.

Аляксандар Лукашэнка даў высокую ацэнку італійскаму прэм’ер-міністру Сыльвіё Бэрлюсконі, які (цытую паводле агенцтва “Інтэрфакс”) “вельмі ўважліва ставіцца” да праблемаў Беларусі.

Спадар Лукашэнка пакуль ніяк не камэнтаваў будучыню стасункаў са Злучанымі Штатамі на тле прыняцьця амэрыканскай Палатай прадстаўнікоў значнай часткі “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”. Але афіцыйны Менск апошнім часам падкрэсьлівае розьніцу падыходаў Эўрапейскага Зьвязу і ЗША да беларускай праблематыкі. Вось што гаворыць старшыня міжнароднай камісіі Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец:

(Чаргінец: ) “Мы ясна выступаем за шматвэктарнасьць сваёй палітыкі, у тым ліку за ўсталяваньне самых добрых, самых плённых стасункаў са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Што да стасункаў Амэрыкі з Эўропай, дык у Эўропе ўсё больш пачынаюць разумець, што ёсьць сілы і ў ЗША, якім не хацелася б, каб быў лад і спакой у Эўропе. Давайце проста скажам: у адваротным выпадку не стваралі б яны гэтае своеасаблівае “міністэрства праўды”, у заданьне якога ўваходзіць галоўнае — дэзінфармацыя міжнароднай грамадзкай думкі, міжнароднай супольнасьці”.

Спадар Чаргінец, які на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі ачольваў ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі, зазначыў:

(Чаргінец: ) “І ў Эўропе ўсё больш і больш палітыкаў і парлямэнтароў пачынаюць разумець, што не заўжды трэба глядзець за акіян. Занадта далёка, ды ня ўсё пабачыш, што там робіцца й чаго там хочуць”.

Што да палажэньняў “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, якія былі ўхваленыя Палатай прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША і прадугледжваюць дапамогу дэмакратычным сілам у Беларусі, спадар Чаргінец заявіў:

(Чаргінец: ) “Назіраецца такі парадокс. Мы маем партыі, мы маем грамадзкія рухі — хай сабе ўваходзяць і ў партыю, і ў грамадзкі рух адны й тыя ж людзі, якія не прызнаюць уладу дзяржаўную, не прызнаюць гімн, не прызнаюць сьцяг, не прызнаюць герб, не прызнаюць прэзыдэнта, а жывуць і здаровыя. Вось уявіце гэтую сытуацыю ў Амэрыцы!”

Мікалай Чаргінец, аднак, не падаў ніводнага прыкладу, каб у ЗША бязь вестак зьнік хаця б адзін палітычны апанэнт прэзыдэнта Джорджа Буша.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG