Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО КАЖУЦЬ ЛЮДЗІ ПРА “АКТ АБ ДЭМАКРАТЫІ Ў БЕЛАРУСІ”, ЗАЦЬВЕРДЖАНЫ КАНГРЭСАМ ЗША?


Галіна Абакунчык, Менск

Пра факт прыняцьця “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” ведалі ня ўсе мае суразмоўцы, але бальшыня хоць нешта пра гэта чула. А іхныя меркаваньні пра рашэньне амэрыканскіх кангрэсмэнаў былі такімі:

(Спадарыня: ) “Дапамога — гэта заўсёды добра. Людзі пагодзяцца, але вось улады… Да людзей гэта, напэўна, ня дойдзе”.

(Спадар: ) “У гэткім стане абавязкова трэба дапамагаць. Бо мы такі народ, без чужой дапамогі самі наўрад ці што зробім”.

(Спадар: ) “Я па тэлебачаньні чуў, што да гэтага ня вельмі добра ставяцца некаторыя журналісты. Але ўсё ж дапамога з боку ЗША, мабыць, патрэбная, бо гэта паспрыяе разьвіцьцю дэмакратыі й наагул Беларусі”.

(Спадарыня: ) “Калі прэзыдэнт ЗША хоча дапамагчы беларускаму народу, то няхай дапаможа ўкласьці сродкі ў палітыку цэнаўтварэньня, у ахову здароўя і на дзіцячае выхаваньне”.

(Спадар: ) “Няхай дапамагаюць, я ня супраць таго, бо далей ня можа гэтак працягвацца. Гэты дзікун — вы ведаеце, як кіруе”.

(Спадар: ) “Я падтрымліваю гэтае рашэньне. Бо гэта будзе на карысьць нам, гэта ж зразумела. Нам трэба з гэтай савеччыны выблытацца перш за ўсё. І гэтая дапамога паспрыяе зрабіць хоць крок наперад — я вельмі спадзяюся”.

Некаторыя сярод апытаных сёньня мінакоў не маглі дакладна вызначыць сваё стаўленьне да “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, але ў цэлым рашэньне пра дапамогу падтрымліваюць.

(Спадар: ) “Гэта добра, і я ня супраць такой дапамогі. Але галоўнае, каб пасьля, магчыма, пасьля зьмены ўлады, нам нейкім чынам гэтым не панукалі альбо патрабавалі грошы ці яшчэ што”.

(Спадар: ) “Можа й добра гэта, будзе разьвіцьцё нейкае напэўна”.

(Спадар: ) “Я лічу, што ўсё гэта, канечне, добра, але, напэўна, нічога не атрымаецца. Якая ж у нас будзе дэмакратыя, калі ёсьць людзі, якія зробяць усё, каб гэтага не было. Гэтыя грошы ня дойдуць да нас, мне здаецца. І калі ўжо нам патрэбная дапамога, то мы самі павінныя нешта рабіць”.

(Спадар: ) “Усё бессэнсоўна на гэтым этапе, бо ўсе зьнешнія намаганьні ўлады прыкрыюць адразу ж”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што гэта вельмі добра, бо наш лёс пачаў цікавіць іншыя краіны і такую магутную дзяржаву, як ЗША. І што гэтая краіна сапраўды здолее дапамагчы нам стаць сапраўды разьвітой дзяржавай. Каб у нас была добрая эканоміка, каб у нас не зьнікалі людзі, каб у нас была свабода слова і мы маглі быць гэткімі ж, як усе краіны Заходняй Эўропы”.

Сярод маіх выпадковых суразмоўцаў не знайшлося ніводнага чалавека, які да прыняцьця “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” ставіўся бы толькі адмоўна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG