Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БУДЫНАК НАЦЫЯНАЛЬНАГА ГУМАНІТАРНАГА ЛІЦЭЮ БУДЗЕ ЗАЧЫНЕНЫ НА ДВА ГАДЫ

Любоў Лунёва, Менск

18 ліпеня бацькі ліцэістаў наведалі Менгарвыканкам, каб даведацца, на які тэрмін разьлічаны рамонт будынку. Чыноўнікі адмовіліся паказаць ім зацьверджаны загад пра капітальны рамонт, але вусна паведамілі, што рамонт зацягнецца ня менш як на два гады.

Будынак ліцэю пабудаваны ў ХІХ стагодзьдзі ў найлепшых традыцыях таго часу: грунтоўныя падмуркі, тоўстыя сьцены і высокая столь. Адмыслоўцы кажуць, што ён прастаіць яшчэ ня менш як сто гадоў. Чыноўнікі спасылаюцца на высновы аб’яднаньня “Белбудканструкцыя” аб тым, што апорныя канструкцыі будынка ў нездавальняючым стане.

Бацькі лічаць, што капітальны рамонт — прыдумка ўлады, каб зьнішчыць ліцэй. Гаворыць сябра бацькоўскай рады Ўладзімер Гудкоў:

(Гудкоў: ) “Мы не дасягнулі сваіх галоўных мэтаў: захаваць пэдкалектыў на чале з Коласам і захаваць адзінства дзяцей. Застаецца небясьпека, што іх могуць раскідаць па розных школах. На думку бацькоў, ліцэй — калектыў выкладчыкаў і ліцэістаў і тая адукацыйная сыстэма, тыя прынцыпы, якія далі такія станоўчыя вынікі — ён папросту зьнікне. У такім выпадку ліцэй будзе ліквідаваны насамрэч, а не фіктыўна. Будзе ліквідаваны дух ліцэю, тое, чым ён жыве. Мы ўпэўненыя, што галоўнай мэтай было менавіта зьнішчыць гэты ліцэйскі дух, бо ён уяўляе самую вялікую небясьпеку для сёньняшняй улады”.

Пакуль працуе ліквідацыйная камісія, ніякія рамонтныя работы не вядуцца. Выкладчыкі непакояцца за вучэбныя дапаможнікі, якія яны самі зьбіралі некалькі гадоў, за бібліятэку. Гаворыць загадчыца бібліятэкі Валянціна Лыскавец:

(Лыскавец: ) “Дзеці ахвотна ходзяць у бібліятэку, чытаюць кнігі. У нас своеасаблівая бібліятэка. Яна вельмі цікава стваралася. Настаўнікі стварылі ліцэй — і кожны, у каго шмат было літаратуры, пастараліся прынесьці ў дарунак гэтую літаратуру. Адзін выкладчык, Лявон Баршчэўскі нават семсот кніг здаў, і добрых кніг. Мне хочацца, каб бібліятэка існавала, а то на цэлы год будзе рамонт. Ну, можа й зьнікнуць кнігі… Тут такія замкі… Каб іх памяняць… Няма куды перавезьці. Памяшканьня няма”.

21 ліпеня бацькі ліцэістаў і выкладчыкі зьбяруцца на бацькоўскі сход, каб абмеркаваць сытуацыю і вырашыць, што рабіць далей дзеля захаваньня ліцэю.
XS
SM
MD
LG