Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПАЎНОЧНАЯ КАРЭЯ Ў ЦЭНТРЫ ЭЎРОПЫ”: АГЛЯД НЯМЕЦКАГА ДРУКУ ПРА СЫТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСІ


Ул. інф.

“З чым зьвязаная адстаўка віцебскага мэра Ўладзімера Пелагейкі?” — такое пытаньне спрабавалі высьветліць у сваіх гасьцей — удзельнікаў адказнай беларускай дэлегацыі прадстаўнікі нямецкіх гарадоў партнэраў Віцебску — Франкфурту-на-Одры і Нінбургу. Аднак, паводле ніжнесаксонскай газэты “Die Harke”, ніхто з чыноўнікаў вобласьці не паведаміў больш за тое, што мелася ў афіцыйных паведамленьнях.

Аналітык франкфурцкага ўнівэрсытэту Пэтэр Лізэганг скептычна рэагуе на тлумачэньні беларускага боку. Палітоляг згодны з распаўсюджаным у Нямеччыне меркаваньнем, што гэтая дый іншыя адстаўкі беларускіх чыноўнікаў ёсьць хваляй “зачыстак” напярэдадні надыходнага ў Беларусі рэфэрэндуму, на якім будзе вырашанае пытаньне адносна трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Паводле Лізэганга, некаторыя экспэрты зьвязваюць пэўную нэрвовасьць беларускага лідэра з магчымасьцю ягонага палітычнага фіналу. Сам франкфурцкі дасьледчык ставіцца да такіх прагнозаў надзвычай асьцярожна. Ён ўжо неаднойчы чуў іх.

Тым часам, паводле бэрлінскага выданьня “Die Tageszeitung”, Лукашэнка настолькі захапіўся адстаўкамі сваіх і выгнаньнем чужынцаў, што нават забыўся пра летні адпачынак. На датэрміновы адпачынак ён накіруе іншых: прэм’ера, віцэ-прэм’ера, міністра сельскай гаспадаркі. Пры жаданьні ахвярных казлоў можна знайсьці шмат. Акрамя адказных урадавых чыноўнікаў і мясцовых вэртыкальнікаў, ёсьць яшчэ і непадкантрольныя рэжыму СМІ і замежныя прадстаўніцтвы.

Як вынікае з артыкулу “Паўночная Карэя ў цэнтры Эўропы”, чарговая гістэрыя беларускага лідэра тлумачыцца наступным чынам: тактычная мэта дзеяньняў — перамога на рэфэрэндуме, стратэгічная — ператварэньне Беларусі ў фэадальную імпэрыю, кшталту той, якой кіруе Кім Чэн Ір.

Для большасьці заходніх назіральнікаў, дзеяньні Лукашэнкі ня ёсьць нечаканымі. Як вынікае з інтэрвію кіраўніка менскага бюро IREX Робэрта Артэгі, якое друкуе “Die Tageszeitung”, апошняя акцыя рэжыму ў дачыненьні да амэрыканскіх прадстаўніцтваў арганічна ўпісваецца ў гэтак званую антымэдыйную стратэгію. Гэта відавочнае папярэджаньне ўсім журналістам, якія імкнуцца несьці да сваіх чытачоў незалежную інфармацыю.

Тым часам, іншае ўплывовае бэрлінскае выданьне “Berliner Zeitung” у сваім артыкуле “30 тонаў сена для дыктатара” друкуе інтэрвію рэдактара “Народнай волі” Іосіфа Сярэдзіча і спрабуе прааналізаваць цяперашнюю сытуацыю са свабодай СМІ ў Беларусі. Паводле “Berliner Zeitung”, Лукашэнка ёсьць непрадказальным палітыкам, і гэта ён дэманструе пастаянна. Калі карэспандэнт НТВ у рэпартажы з пахаваньня Васіля Быкава перадаў меркаваньні некаторых палітыкаў наконт таго, чаму разам зь дзясяткамі тысяч беларусаў разьвітацца зь пісьменьнікам не прыйшоў прэзыдэнт, лёс карпункту расейскай тэлекампаніі быў вырашаны Лукашэнкам літаральна за 24 гадзіны.

Як іранічна зазначае “Berliner Zeitung”, беларускі рэжым ажыцьцяўляе надзвычай дзіўныя формы ціску на СМІ. Летась адной берасьцейскай газэце было даручана нарыхтаваць 30 тон сенажу, па тоне на кожнага супрацоўніка. Сёлета рэдакцыя ўжо мае іншае даручэньне — знайсьці пяць тонаў саляркі. Гэтае задача больш складаная, улічваючы, што Расея зьнізіла свае пастаўкі і паліва не хапае. Ня выключана, што ў наступным журналісты атрымаюць яшчэ якое надзвычайнае даручэньне, — мяркуе газэта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG