Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 18 ЛІПЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Минские губернские ведомости”, 1853 год. Рацэпт барацьбы з мухамі:

“Трэба ўзяць 8 залатнікоў дрэва квасіі, яго пасячы ці пакалоць на дробныя кавалкі. Гэтую колькасьць квасіі неабходна кіпяціць на працягу 20 хвілін з 3 ці 4 шклянкамі вады, потым уварыць і дадаць у вадкасьць 15 залатнікоў цукру ці цукровага пяску; калі вадкасьць астыне, дык яе трэба разьліць у талеркі і паставіць у тыя месцы, дзе шмат мух. Гэтыя вусякі з прагай кідаюцца на гэтую вадкасьць і хутка гінуць. Другі сродак яшчэ прасьцейшы за першы: трэба пакласьці ў пакоях зёлкі крываўніка, чый горкі смак і пах хутка пагоняць усіх мух. Зёлкі гэтыя паўсюль растуць у вялікай колькасьці”.


“Наша ніва”, 1913 год. Юры Верашчака разважае, каго можна называць інтэлігентамі:

“Бо ці-ж камукольвечы з вас не прыходзілася бачыць такіх “цвэнкаючых” па польску і “дакаючых” па маскоўску, пуста-парожніх людзей, каторые аднак пыжаюцца тым, што яны “інтэлігенты”. Такіх, каторые за сочэвічную юшку прадалі свой гонар народны і такіх лёкайскіх душ, каторые перад панам неважацца выказаць сваей думы, сваей мовы. Такіх, каторые стыдаюцца гаварыць па свойму пры людзях… Да тых, хто ешчэ не заражэны гэтым забабонам-хваробай клічу: тлумачце, што інтэлігентнасьць, розум — у галаве; культурнасьць у паступках чэлавека, а лекайства ў падлыжніцтве, у сабаччым віляньню хвастом”.


“Камуніст”, 1933 год. Перадрук пастановы ЦК УсеКП(б)Б “Аб становішчы ўліку камуністаў у Віцебскай і Кальчугінскай партарганізацыях”:

“Аказалася ў наяўнасьці значна менш камуністаў, чым гэта лічылася па сьпісах… На кальчугінскім мэталазаводзе лічылася 2179 камуністаў, фактычна аказалася на 300 чалавек менш. З гэтай колькасьці 171 чалавек пайшлі з заводу, ня зьняўшыся з вучоту. Наконт 190 камуністаў ні райком, ні ячэйка ня ведаюць, у якіх цэхах яны працуюць і ці працуюць яны наогул на заводзе. Бюро парткалектыву фабрыкі “Дзьвіна”, жадаючы выправіць недахопы партыйна-арганізацыйнай работы, кінулася ў другую крайнасьць, агульна выключыўшы з партыі за адрыў 30 камуністаў, у тым ліку і некаторых ударнікаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG