Авіярэйсы паміж Іранам і Беларусьсю — толькі зьвяно ў ланцугу партнэрскіх зносінаў. Раней патрапіць у Тэгеран можна было выключна праз Маскву, цяпер гэты шлях істотна спрошчаны. Але авіятары ня першыя ў шэрагу першаадкрывальнікаў новага напрамку. Пры канцы вясны Беларуская асацыяцыя міжнародных аўтаперавозчыкаў адчыніла транспартны калідор у шэраг іранскіх гарадоў — такім чынам, фуры зь беларускімі нумарамі для Ірану не такая ўжо экзотыка. Але ёсьць стасункі і на больш высокім, афіцыйным узроўні.
Рэгулярна ў Тэгеран скіроўваюцца дэлегацыі афіцыйных асобаў: у чэрвені там зь візытам знаходзіўся дзяржсакратар Савету бясьпекі Генадзь Нявыглас, дагэтуль у Тэгеране была прадстаўнічая дэлегацыя з МЗС; у траўні ў Тэгеране прайшлі Дні культуры Беларусі, на верасень ужо заплянаваная выстава прадукцыі іранскіх прадпрыемстваў у Менску, па 2–3 разы на год у Беларусь прыяжджаюць іранскія афіцыйныя асобы, ладзяцца дні Ірану. Але галоўнае, што міждзяржаўнае збліжэньне адбываецца на тле абвастрэньня адносінаў Ірану з ЗША і НАТО.
Амбасадар ЗША ў Маскве Аляксандар Вэршбоў на ўчорашняй сустрэчы расейска-амэрыканскага партнэрства ва Ўладзівастоку агучыў пазыцыю Дзярждэпартамэнту ЗША да кіраўніцтва Ірану. Ён, у прыватнасьці, канстатаваў, што ў сьвеце засталіся толькі дзьве краіны зь ліку так званай “восі зла” — Іран і Паўночная Карэя. Ірак, якія дагэтуль быў у сьпісе пад №1, цяпер, паводле Вэршбоў, на стадыі пераходу ад дыктатуры да дэмакратычнага рэжыму.
Датычна ж Ірану дыплямат падкрэсьліў, што ЗША заклапочаныя спробамі кіраўніцтва Тэгерану атрымаць ядзерную зброю, яно падтрымлівае міжнародны тэрарызм, перашкаджае ўсталяваньню міру на Блізкім Усходзе і парушае правы сваіх грамадзянаў. Такім чынам, усе краіны, якія так ці інакш падтрымліваюць іранскі рэжым, зьяўляюцца ўскоснымі прыхільнікамі падобнай палітыкі. Зрэшты, напярэдадні вайсковай апэрацыі ЗША і саюзьнікаў у Іраку Лукашэнка публічна выказваўся ў падтрымку Хусэйна, таму жаданьне прадэманстраваць блізкасьць да Ірану насуперак волі бальшыні ўспрымаецца як крок натуральны, цалкам падуладны лёгіцы Лукашэнкі.
Але калі вяртацца да пачатку авіязносінаў паміж Менскам і Тэгеранам — хто ўсё ж будзе пасажырамі самалётаў? Відаць, жадаючых патрапіць у Тэгеран ня так шмат? Сапраўды, цяпер беларусы калі кудысьці і лятаюць, то выключна ў адпачынак — у Турэччыну ці ў Эгіпэт. Ніводная турфірма не прапануе тураў у Іран, ды і ўвогуле беларусы пра Іран калі штосьці й ведаюць, то хіба пра сустрэчу кіраўнікоў антыгітлераўскай кааліцыі — і тое па савецкай кінастужцы “Тэгеран-43”. А сёньняшні Іран людзі ўсьведамляюць як краіну артадаксальнага ісьлямісцкага рэжыму.
Таму наўрад ці колькасьць пасажыраў будзе значнай. Пэўна, толькі некалькі дзясяткаў адмыслоўцаў — прадстаўнікоў МТЗ, МАЗу, іншых прадпрыемстваў, ды, магчыма, уладных чыноўнікаў, якія маюць у Іране свой інтарэс, будуць карыстацца паслугамі іранскай дзяржаўнай авіякампаніі. Зрэшты, напярэдадні вайны ў Іраку абмяркоўвалася адкрыцьцё авіярэйсаў паміж Менскам і Багдадам — тады ўвасобіць пляны перашкодзіла вайсковая кампанія ЗША супраць рэжыму Хусэйна. Але жаданьне мець сталую сувязь з рэгіёнам, як бачна з досьведу, засталося.