Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЫЙНАМУ МЕНСКУ ДЭМАНСТРУЮЦЬ ЦАНУ САМАІЗАЛЯЦЫІ


Юры Дракахруст, Прага

Такім чынам, прыняцьце “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” Палатай прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША – вынік не канчатковы. Але вельмі важны. У свой час беларускія афіцыйныя прапагандысты даводзілі, што "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі" - гэта, маўляў, пражэкт невялічкай купкі агалцелых кангрэсмэнаў. На пачатку кола ініцыятараў законапраекту сапраўды было невялікім. Потым яно расло, знаходзіла падтрымку камітэтаў палатаў Кангрэсу. Але цяпер размова ідзе пра новую якасьць. Дакумэнт ухвалены ня групаю прыхільнікаў, вялікай ці малою, а асобным органам дзяржаўнай улады ЗША - Палатаю прадстаўнікоў Кангрэсу, што істотна павялічвае шанцы на тое, што ён стане законам. Беларуская афіцыйная прапаганда мае звычку папікаць апазыцыянэраў тым, што яны, маўляў, падштурхоўваюць заходніх палітыкаў на крокі, недружалюбныя ў адносінах да Беларусі. Але ўсе высілкі апазыцыі ў прыняцьці "Акту аб дэмакратыі..." блякнуць у параўнаньні з высілкамі самой беларускай улады. Менавіта афіцыйны Менск зрабіў уссё магчымае і немагчымае, каб гэтае рашэньне было прынятае. Закрыцьцё незалежных мэдыяў, рэпрэсіі супраць прафсаюзнага руху, зачыстка недзяржаўных арганізацыяў, выдаленьне зь Беларусі амэрыканскіх грамадзкіх арганізацыяў, нарэшце, але не ў апошнюю чаргу, гандаль зброяй з сумнеўнымі рэжымамі і групоўкамі - вось далёка ня поўны пералік крокаў беларускіх уладаў, якія і прывялі да таго, што прыняцьцё новай амэрыканскай палітыкі што да Беларусі стала магчымым. У свой час Аляксандар Лукашэнка казаў: "Я свой народ за цывілізаваным сьветам не павяду". "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі" - гэта не праграма падрыву беларускага рэжыму і не ўмяшальніцтва ў беларускія ўнутраныя справы. Гэта дэманстрацыя афіцыйнаму Менску цаны ізаляцыі ад цывілізаванага сьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG