Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ МАЕ НЕБЛАГІЯ ЭКАНАМІЧНЫЯ ПАКАЗЧЫКІ, АЛЕ ДРЭННЫЯ ПАКАЗЧЫКІ РАЗЬВІЦЬЦЯ ДЭМАКРАТЫІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Згодна з дакладам ААН за 2003 год, які 17 ліпеня прэзэнтаваў журналістам кіраўнік прадстаўніцтва ААН Ніл Бунэ, Беларусь займае 53-е месца сярод 175 краінаў сьвету паводле такога паказчыка як індэкс разьвіцьця чалавечага патэнцыялу. Гэты індэкс ёсьць сумай трох асноўных паказчыкаў: працягласьці жыцьця, узроўню адукацыі і сукупнага ўнутранага прадукту на жыхара. Год таму паводле гэтага паказчыка Беларусь была 56-й у сьвеце.

Між тым, Ніл Бунэ зьвярнуў увагу журналістаў на тое, што ў асноўным гэты рост адбыўся коштам посьпехаў не ў эканоміцы ці ахове здароўя, а ў сфэры адукацыі, бо павялічылася колькасьць дзяцей у школах. Беларусь застаецца на лепшых пазыцыях паводле ўзроўню адукацыі і працягласьці жыцьця сярод краінаў СНД, але прадстаўнік ААН ня лічыць гэты рэгіён найлепшым арыенцірам.

(Бунэ: ) “Калі Беларусь ставіць за мэту ня толькі ўтрымліваць старыя дасягненьні, але і паляпшаць паказчыкі чалавечага патэнцыялу, то тады варта браць за прыклад не краіны СНД, а Цэнтральную і Ўсходнюю Эўропу, дзе шляхам рэформаў дасягнулі значна большага”, — заявіў Ніл Бунэ.

Досьвед сьведчыць, што і ў недэмакратычных краінах магчыма дасягнуць нядрэнных паказчыкаў чалавечага патэнцыялу, прызнаў Ніл Бунэ і спаслаўся на 52-е месца Кубы ў рэйтынгу ААН. І ўсё ж, паводле прадстаўніка ААН, ёсьць пэўная сувязь паміж паказчыкамі разьвіцьця чалавечага патэнцыялу і разьвіцьцём дэмакратыі. У гэтым сэнсе даклад дэманструе, што разьвіцьцё дэмакратыі ў Беларусі запаволілася, прызнаў Ніл Бунэ. Таксама ён выказаў пажаданьне на адрас беларускага ўраду: забясьпечваць ААН больш актуальнымі паказчыкамі. Прыкладам, для вымярэньня ўзроўню жыцьця ў ААН карысталіся паказчыкамі 1996 году, што Ніл Бунэ ня лічыць дастаткова аб’ектыўным.

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі эканаміст Яраслаў Раманчук заўважае, што з 1996 году спажывецкі кошык у даляравым вымярэньні зьменшыўся амаль утрая, і таму падлікі ўзроўню жыцьця ня проста недастаткова аб’ектыўныя, а памылковыя. Яраслаў Раманчук лічыць, што насамрэч Беларусі няма чым ганарыцца перад ААН.

(Раманчук: ) “Нельга рабіць з гэтага індэксу выснову, што беларуская сацыяльна-эканамічная палітыка эфэктыўная, прагрэсіўная і скіраваная на мадэрнізацыю нашай краіны. Беларусь займае зусім іншае месца, прыкладам, паводле індэксу Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, яна 26-я з 27-мі краінаў Эўропы. Паводле індэксу эканамічнай свабоды мы 151-я са 160-ці краінаў”.

Паводле Яраслава Раманчука, “кульгае” і сыстэма падліку паказчыкаў, якія Беларусь падае ААН. Часткова гэтыя паказчыкі наўмысна скажаюцца, каб штучна паляпшаць рэйтынг Беларусі, а часткова састарэла мэтадалёгія падлікаў. Між тым, урад нічога ня робіць, каб яе рэфармаваць і прывесьці ў адпаведнасьць зь міжнароднай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG