Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ПРАПАНУЕ ПРЫБРАЦЬ КАМЭРСАНТАЎ З НАФТАВАГА БІЗНЭСУ

Юлія Шарова, Менск

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, штогоду Беларусь імпартуе энэрганосьбітаў больш чым на 2 мільярды даляраў — гэта прыкладна палова гадавога бюджэту краіны. На ягоную думку, гэта вялікая залежнасьць, і ад яе трэба адыходзіць.

(Лукашэнка: ) “Сёньня мы павінны паглядзець, як трацяцца грошы, наколькі рацыянальна арганізаваныя пастаўкі энэрганосьбітаў. Хто ўдзельнічае ў гэтым працэсе, хто прыліпае да гэтых патокаў. Я павінен атрымаць інфармацыю па аб’ёмах, стабільнасьці паставак, а таксама па ўдзельніках гэтага рынку”.

Паколькі гэты від дзейнасьці высокапрыбытковы, Лукашэнка лічыць патрэбным, каб дзяржава сама зарабляла на ім грошы. Таксама ён назваў нелягічнай сытуацыю, калі нафтаперапрацоўчыя заводы зьяўляюцца дзяржаўнымі, а паўстаўцы сыравіны і ўласьнікі гатовай прадукцыі — камэрсантамі.

На думку палітоляга Віталя Сіліцкага, Лукашэнка цяпер займаецца манапалізацыяй усіх найбольш прыбытковых сфэраў бізнэсу, каб зарабляць на іх грошы.

(Сіліцкі: ) “Уся барацьба з пасярэднікамі — гэта спроба зьнішчыць прыватныя структуры і зрабіць усё дзяржаўным. Гэта вядзе да падвышэньня коштаў, але ж рынак манапалізуецца на карысьць дзяржавы, вось і ўсё”.

Спадар Сіліцкі таксама мяркуе, што рынак нафты і нафтапрадуктаў можа падзяліць ляяльны да ўладаў бізнэс-асяродак. Гэтак, вядомыя прыклады, калі фірмы, што працавалі зусім у іншых галінах, раптоўна далучыліся да продажу энэрганосьбітаў. У той жа час менш паслухмяныя прадпрымальнікі страчвалі гэты рынак.

Эканаміст Леанід Заіка лічыць цалкам зразумелым тое, што Лукашэнка менавіта цяпер вырашыў правесьці такую нараду. Ён, верагодна, меў на мэце маральна падрыхтавацца да новых праблемаў з пастаўкамі газу з Расеі, якія могуць пачацца восеньню, калі газпрамаўская квота скончыцца і дадаткова паліва давядзецца купляць у іншых кампаніяў па камэрцыйных коштах, мяркуе спадар Заіка.

(Заіка: ) “Для расейцаў было б лягічна ўсталяваць адзіную стаўку на газ па кошце, скажам, 40 даляраў за тысячу кубамэтраў, што яны, напэўна, і зробяць. Таму размовы пра пасярэднікаў, пра тое, што трэба навесьці парадак — гэта зусім традыцыйныя размовы. Іх будуць весьці да тае пары, пакуль ня будзе створаны нармальны рынак энэргарэсурсаў”.

Паводле эканаміста, сёньня ўнутраныя беларускія спажыўцы — прадпрыемствы й насельніцтва — атрымліваюць газ па коштах, ледзьве не ўдвая вышэйшых за тыя, па якіх дзяржава набывае паліва ў Расеі.
XS
SM
MD
LG