Консульскі аддзел ізраільскай амбасады ў Менску спыніў прыём дакумэнтаў апоўдні, хаця звычайна ён працаваў ад 9-й да 11-й гадзіны. Калі я наведваў гэтую амбасаду на Партызанскім праспэкце, у сьпісах ахвотных атрымаць ізраільскія візы было 115 чалавек. Шмат зь іх, даведаўшыся пра заплянаванае на чацьвер канчатковае закрыцьцё консульскага аддзелу, вырашылі скарыстацца апошнім шанцам. Ад пятніцы грамадзянам Беларусі трэба будзе ехаць у Маскву, бо іх будзе абслугоўваць амбасада Ізраілю ў Расеі.
Дзьве жыхаркі Гомеля стаялі ў самым канцы чаргі:
(Спадарыня: ) “Мы ад 6-й раніцы тут. Надзеі ніякай. Першыя, калі я прыйшла, уначы стаялі двое сутак”.
(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да таго, што сёньня апошні дзень, калі ў Менску прымаюць дакумэнты на візы ў Ізраіль?”
(Спадарыня: ) “Гэта вельмі цяжка — ехаць пажыламу чалавеку ў Маскву, ня ведаючы – куды, што… Зноў прастойваць у чарзе. Гэта ж дорага каштуе — палову пэнсіі трэба аддаць. Нейкім чынам наша дзяржава й Дзяржава Ізраіль мусяць падумаць пра тое, каб адкрыць хаця б нейкі консульскі пункт”.
Консульскі пункт вельмі патрэбны тым, хто едзе ў Ізраіль не назаўжды, казалі людзі ў чарзе. Гэта тычыцца і беларускіх турыстаў, зазначыла спадарыня Марына.
(Марына: ) “Мне трэба палячыцца на Мёртвым моры. Неабходна проста! Мне вельмі цяжка зьбіраць дакумэнты ўсялякія. І уявіце — зноў ехаць, калі штосьці, у Маскву?”
Рашэньне закрыць ізраільскую амбасаду ў Менску спадарыня Вольга, якая таксама стаяла ў чарзе, расцаніла гэтак:
(Вольга: ) “Здалі нас Расеі. Я ўдакладняла наконт таго, ці можна ў Вільню паехаць, ці ў Варшаву, ці ў Кіеў… Не, усе дакумэнты ў Маскву. Можна ж да Ізраілю не даляцець, калі зьезьдіш у тую Маскву”.
(Карэспандэнт: ) “Вы баіцеся тэрактаў у Маскве?”
(Вольга: ) “Так”.
(Карэспандэнт: ) “А ў Ізраілі?”
(Вольга: ) “Не”.
Пакуль людзі стаялі ў чарзе да ізраільскага консула, які прымаў апошні дзень, прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных на чарговым брыфінгу казаў:
(Савіных: ) “Пісьмовага паведамленьня пра закрыцьцё амбасады мы пакуль не атрымлівалі. Хачу зьвярнуць вашу ўвагу на тое, што закрыцьцё консульскага аддзелу амбасады — яшчэ ня значыць закрыцьцё амбасады. Мы спадзяёмся, што падчас разгляду гэтага пытаньня ізраільскі бок улічыць і даволі ажыўлены характар стасункаў паміж нашымі краінамі на ўзроўні грамадзян”.
Спадар Савіных пераадрасаваў у Ізраіль маё пытаньне, ці абмяркоўваецца мажлівасьць стварэньня ў Менску ізраільскага консульскага пункту.
А часовы павераны ў справах Ізраілю ў Беларусі Ігаль Тануры паведаміў, што афіцыйнае паведамленьне пра закрыцьцё амбасады 31 жніўня будзе накіраванае беларускаму МЗС на наступным тыдні.