Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САВЕТЫ: ПАМІЖ СКЛАДКАМІ І ПАДАТКАМІ


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Дэпутацкі стаж Людмілы Двужыльнай зь вёскі Капані Чавускага раёну — 38 гадоў, што можна сьмела лічыць рэкордам Беларусі. Цяпер яе абралі ў Вайнілаўскі сельскі савет. Зьбіраць грошы зь сялянаў на вырашэньне самых розных праблемаў — даўно звыклая частка працы Людмілы Двужыльнай.

(Двужыльная: ) “Было так заўсёды. Раней болей спадзяваліся на падаткаабкладаньне, але нешта мелася і ў бюджэце сельскага савету. А цяпер ён вельмі эканомны. Таму трэба зьбіраць”.

Грошы ў вяскоўцаў просяць бясконца і на розныя справы. Калі нешта падаецца патрэбным, з традыцыйным сялянскім крэхтам, аднак пагаджаюцца. Напрыклад, праз складкі ў вёсцы Капані захавалі коней, як пачаў хістацца тутэйшы калгас. Разам з дэпутатам людзі падлічылі: больш танна ўтрымліваць агульны грамадзкі статак, чым разабраць сівак-бурак па дварох.

(Двужыльная: ) “Куды дзець гэтых нямоглых людзей, якія жыцьцё адпрацавалі ў калгасе, а цяпер ня могуць трымаць самі для сябе каня? Аднак каб пражыць, трэба пасеяць сотку. Трэба працаваць... Вось мне і давялося даводзіць да сьвядомасьці людзей, што за ўсё трэба плаціць”.

Сёньня ў Капанях без нараканьняў аддаюць свае грошыкі на ўтрыманьне сямнаццаці коней. Гэта — тысяча рублёў штомесяц.

А вось у Буда-Кашалёве год таму пайшлі “сваім шляхам” і аднымі зь першых у Беларусі ўвялі “конскі падатак” для гаспадароў, якія купілі сабе гнядкоў. Аднак далёка ня ўсе кінуліся яго сплачваць. Распавядае сакратарка Чабатовіцкага сельскага савету Клаўдзія Рысіна:

(Рысіна: ) “Асабліва аддзяленьні Хоўхла, Смычок — дзе беспрацоўе, там супраціўляюцца. Вось і трымаюць коней у асноўным людзі пэнсійнага ўзросту”.

Для тых, хто ня ведае вясковых рэаліяў, сума гадавога падатку — 24 тысячы — падаецца невысокай. На самай жа справе ў глыбінцы, дзе зводзяць канцы з канцамі, гэта вялікія грошы. Таму сельсаветы прапанавалі варыянт: можна адпрацаваць з канём пяць дзён на вывазцы сьмецьця са стыхійных звалак. Што з гэтага атрымліваецца, паведаміла сакратар Кашалёўскага сельсавету Галіна Маёрчык:

(Маёрчык: ) “Адмаўляюцца. Кажуць, цяжка. Лепей аддаць грошы...”

Між тым, практычна кожны нядаўна абраны ў раёне дэпутат атрымаў наказ скасаваць або паменшыць, як тут кажуць, “конскі аброк”. Аднак усяго пяцёра стрымалі дадзенае выбарцам слова. Распавядае Ігар Кекелеў:

(Кекелеў: ) “На мінулай сэсіі раённага савету я стаў адным з тых, хто дамагаўся зьмяншэньня падатку на ўладальнікаў коней. Раней ён быў 24 тысячы, а сёньня — 20 на год. Ва ўладальнікаў камбайнаў у нас зьбіраюць 5 мінімальных заробкаў”.

(Карэспандэнт: ) “Маюцца на ўвазе камбайны прыватызаваныя?”

(Кекелеў: ) “Ага. З уладальнікаў трактараў — чатыры “мінімалкі”. Грузавікоў — таксама чатыры. Я дамагаўся даведацца, куды пойдуць тыя грошы, але, на жаль, гэта ня так проста...”

(Карэспандэнт: ) “Нягледзячы нават на тое, што вы маеце права дэпутацкага запыту?”

(Кекелеў: ) “Так. Летась грошы зьбіралі толькі з уладальнікаў коней. І яны ішлі на добраўпарадкаваньне калодзежаў”.

(Карэспандэнт: ) “Насельніцтва, хутчэй за ўсё, да такога разьмеркаваньня адносілася станоўча?”

(Кекелеў: ) “Зразумела ж...”

(Карэспандэнт: ) “А вось гэтыя лічбы вялізныя — падаткі на ўладальнікаў рознай тэхнікі: ці пад’ёмныя яны для вяскоўцаў?”

(Кекелеў: ) “Я сустракаўся з гаспадарамі трактароў, камбайнаў, аўтамабіляў. І людзі кажуць, што вельмі цяжка сабраць такую суму, яны ня маюць такіх грошай! Бо патрэбна купляць запчасткі, паліва”.

(Карэспандэнт: ) “Яны ж узялі тую тэхніку ў расфармаваных гаспадарках?”

(Кекелеў: ) “А дзе яшчэ? Там усё дабіта да ручкі, у тое “дабро” трэба ўкласьці столькі грошай, што прасьцей купіць новае...”

(Карэспандэнт: ) “Але дэпутаты, якія галасавалі за такія падаткі, — яны ж ня зь неба зваліліся, добра ўяўляюць якасьць выкупленых машын. Чаму тады падтрымалі такія вялікія падатковыя сумы?”

(Кекелеў: ) “У мясцовай улады няма грошай. Яна ідзе на любыя захады, каб сабраць хоць нешта”.

(Карэспандэнт: ) “Вы мяркуеце, што гэтыя грошы будуць сабраныя, або напісанае на паперы паперай жа і застанецца?”

(Кекелеў: ) “Зьбяруць! Людзям выкруцяць рукі, патрабуючы тыя сумы. Пойдуць, магчыма, нават на часовую канфіскацыю таго прыватнага транспарту. Людям няма куды падзецца — усё аддадуць”.

(Карэспандэнт: ) “Але такая фінансавая тактыка наўрад ці заахвочвае прадпрымальніцкую ініцыятыву?”

(Кекелеў: ) “Зразумела, не! Некаторыя з тых, хто мелі транспарт, ужо прадалі яго. Бо не па кішэні”.

Чаму з падачы вэртыкалі дэпутаты мясцовых саветаў без асаблівага супраціву зацьвярджаюць такія вось падаткі? Бо выгадна: у іншым выпадку давядзецца самім жа ісьці да выбарцаў і тлумачыць, угаворваць, зьбіраць грошы на вырашэньне процьмы дробных вясковых праблемаў.

Практыка грамадзкіх складак сёньня выглядае ненатуральнай, многія лічаць, што яна выпадае з часу. Але ці ёсьць іншае выйсьце? У чаканьні бюджэтнага фінансаваньня вёска ўвогуле можа заваліцца. Так, у моцна забруджаным радыяцыяй пасёлку Хальч Веткаўскага раёну сапсаваліся амаль усе калёнкі, і людзі цягаюць ваду бідонамі з далечы. Распавядае жыхарка вуліцы з красамоўнай назваю “Савецкая” спадарыня Марыя:

(Марыя: ) “Ніводная не працуе. Наша — паўгоду, астатнія ня ведаю. У сельсавет, да іншага начальства зьвярталіся, ніхто ні на што не зважае. Прыяжджалі, сказалі, што няма запчастак, і ўвесь табе адказ...”

А дэпутат з Чавускага раёну Людміла Двужыльная ў такіх выпадках зьбірае людзей і кажа прыблізна наступнае: ёсьць два варыянты — чакаць, пакуль не згібеем, або плюнуць на ўладу і зрабіць самім! Тут плюс і ў дакладным веданьні таго, на што менавіта пойдуць твае грошы. Нядаўна ў Капанях правялі яшчэ адну агульную акцыю. Мясцовыя могілкі месьцяцца побач з фэрмай, і праз старую агароджу туды забрыдае жывёла. На прапанову Двужыльнай двары скінуліся на новую агароджу.

(Спадар: ) “Аддаў і ўсё, нават без усялякіх цяжкасьцяў. Што гэта — сума вялікая? Тры тысячы — раз на жыцьцё ці раз на год аддаць. Затое нешта ёсьць!”

(Спадарыня: ) “Пэнсіі атрымаем — разьлічымся. Трэба — значыць, трэба. Гэта трэба для нас, ні для кога. Агароджу робім для нябожчыкаў — дык гэта мы робім для сябе, і мы тутака будзем”.

Лёзунг “Трэба дык трэба!” — доўгае рэха вялікага савецкага вопыту паслухмянасьці. Асабліва для людзей сталага ўзросту. Напрыклад, мясцовыя вэтэраны вайны моўчкі, але безь вялікага энтузіязму, здалі некалькі тысяч на помнік Жукаву, хаця ніхто да іх не давёў, калі і дзе будзе ўшанаваная памяць маршала. А Людміла Двужыльная, адрозна ад актывістаў “жукаўскай ініцыятывы”, зьбірае грошы адрасна. Таму да ейных прапановаў ставяцца з большым разуменьнем, людзі інтуітыўна адчуваюць: гэта і ёсьць прыкмета, парастак рэальнага самакіраваньня.

А складкі на помнік — звычайнае савецкае падпарадкаваньне. І яно пачынае пакрысе развальвацца. Напрыклад, капанёўскія пэнсіянэры адмоўна зрэагавалі на праштампаваны “блізкаю ўладай” загад аддаваць свае грошы дзеля паляпшэньня так званай “інфраструктуры”. Згодна з узаконенай ініцыятывай вэртыкалі кожны вясковец на добраўпарадкаваньне тэрыторыі свайго сельсавету мусіць выкласьці 5600 рублёў. Аднак гэткая абагульненасьць мэты тутэйшых не задавальняе. Вось што яны кажуць:

(Спадар: ) “А ну яе! Структуру тую… Што яны робяць? У нашыя ямкі можна паваліцца і не падняцца. А нічога ня робяць. І усё!”

(Спадар: ) “Вось тут мы ня згодныя. Там стаяць такія агароджы, во паглядзіце — “хатынь”, во! Агароджы ў чалавека няма, ён паставіў гарэлыя стаўбы. Страшна ісьці там — “хатынь”.

(Спадарыня: ) “Няхай бы я нават аддала і дзьве, і тры тысячы, каб нехта парадак навёў, каб дарогу правёў. Калі чалавек памрэ, дык нябожчыка трэба абвазіць праз агароды. Во якая дарога. А плаціць плацім. Мы не спрачаемся: калі трэба заплацім, аднак няхай і для нас нешта зробяць!”

Таксама не задаволеныя працаю мясцовых уладаў у Буда-Кашалёўскім раёне. Асабліва адменай чарнобыльскіх ільготаў. Яны не ратавалі, аднак жа неяк дапамагалі. А цяпер людзі кінутыя сам-насам са сваімі праблемамі. Гаворыць Ігар Кекелеў:

(Кекелеў: ) “Гэтыя праграмы скасоўваюцца: сёньня плацяць чарнобыльскія грошы толькі ў горадзе. Астатнім аб’явілі, што радыяцыя ўпала! Да таго ж грошай у казьне няма, і плаціць няма чым...”

Хоць шмат чаго раней пачатага засталося. Ягоную рэалізацыю вэртыкаль папросту пераклала на плечы мясцовага насельніцтва:

(Кекелеў: ) “Улада не змагла выдаткаваць сродкі па чарнобыльскіх праграмах. Гэтыя сродкі зьбіраюць зь людзей, і праводзяць як бы падатак на коней, транспартныя сродкі і г.д.”.

(Карэспандэнт: ) “І вы мяркуеце, што ўсё гэта пойдзе на вырашэньне тых праграмаў, якія мусіць аплачваць, падтрымліваць і рэалізоўваць менавіта дзяржава, а не насельніцтва?”

(Кекелеў: ) “Гэта так і ёсьць. Куды потым гэтыя сродкі пойдуць, ніхто ня ведае”.

Таму паўсюль па краіне зьбіраць грошы на ката ў мяху цяпер зусім ня проста. Але акрамя няўпэўненасьці тутэйшых, што такія сродкі будуць выкарыстаныя на прызначанае, ёсьць яшчэ адна важкая прычына — людзям няма чым плаціць. Пэнсіянэры — самыя заможныя людзі ў вёсцы, яны ў асноўным своечасова атрымліваюць грошы і аддаюць складкі. А вось з капанёўскімі рабочымі, напрыклад, праблема. І ня дзіва: нядаўна ім выдалі заробак толькі за сакавік.

(Спадар: ) “Камэнтары патрэбныя? Дык я вам тлумачу: яшчэ за красавік нічога ня маем, плаціць няма з чаго. Было б — плацілі б. Тут есьці няма за што, жыць няма за што, ня тое што плаціць”.

(Спадарыня: ) “За сакавік заробак далі, а “дзіцячых” няма. Чым нам дзяцей карміць — у мяне трое дзяцей дома сядзяць. Паступаць дзяўчыне трэба, 16 гадоў — а ёй на ногі няма чаго абуць. Вось гэта трэба! Выкручваемся, у пэнсіянэраў пазычаем. Во і ўсё!”

(Спадар: ) “А калі ты аддаваць будзеш?”

(Спадарыня: ) “Разьбярэмся. З пэнсіі, калі да яе дапрацую!”

Жанчыне, якая ня ўпэўненая, што дацягне да ўзаконенага дзяржаваю адпачынку па ўзросьце, няма й пяцідзесяці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG