Паводле словаў дырэктара фэстывалю Радыёна Баса, за 10 дзён да пачатку “Славянскага базару” Міністэрства фінансаў нечакана скараціла ягонае фінансаваньне, і з тае прычыны давялося адмовіцца ад 18-ці заплянаваных мастацкіх праектаў.
Ад рэалізацыі білетаў на фэстывальныя імпрэзы дырэкцыя мяркуе атрымаць каля 400 тысяч даляраў: невыпадкова квіткі на самыя папулярныя канцэрты расейскіх эстрадных зорак — Барыса Маісеева, Сафіі Ратару ды групы “Любэ” — каштавалі пад 50 тысяч беларускіх рублёў.
Дакладны матэрыяльны прыбытак пакуль што невядомы, і таму з найбольшым гонарам дырэкцыя фэстывалю гаворыць пра набыткі духоўныя: упершыню пераможцам конкурсу маладых выканаўцаў на “Славянскім базары” стаў беларускі сьпявак — 22-гадовы гамяльчук Максім Сапацькоў. Другому прадстаўніку Беларусі, Уладзімеру Аўчарову прысуджаныя 2-я конкурсная прэмія ды адмысловая прэмія імя Ўладзімера Мулявіна “За найлепшае ўвасабленьне нацыянальнае тэмы ды высокае выканаўчае майстэрства”.