Амаль паўтысячы вернікаў розных канфэсіяў падпісаліся пад зваротам у Берасьцейскі гарвыканкам з просьбай дазволіць усталяваць крыж на тэрыторыі крэпасьці, дзе захаваліся рэшткі будынкаў старажытнага Берасьця. Крыж плянавалася ўсталяваць ля былога кляштара бэрнардынцаў, які пабудаваны ў XVII стагодзьдзі. Але цяпер рэшткі кляштару ды іншых збудаваньняў знаходзяцца ў гаротным стане. Вось што паведаміла кіраўнічка грамадзкага аб’яднаньня “Стары горад” Ірына Лаўроўская:
(Лаўроўская: ) “Ініцыятары ўсталяваньня крыжа паставілі сабе мэту — паведаміць аб праблеме, якая існуе, вернікам, якія штодня ці штотыдня ходзяць да касьцёлу і цэркваў. Па-другое, з дапамогай Божай і ўжо ўладаў пачаць кансэрвацыю рэшткаў гэтага будынку. На жаль, улады прачыталі ініцыятыву моладзі і вернікаў зусім інакш і запрапанавалі зусім іншае развязаньне гэтай праблемы”.
Берасьцейскі гарвыканкам адмовіў ва ўсталяваньні крыжа. З адказу чыноўнікаў вынікае, што гэта “непрымальная форма памяці”, бо крыжы можна ўсталёўваць толькі каля дзейных рэлігійных будынкаў.
Тым часам, вернікі пачалі новы збор подпісаў. Перад тым, як накіраваць іх у гарвыканкам, яны зьбіраюцца адслужыць адмысловы малебен за здароўе берасьцейскіх чыноўнікаў.