Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДЗІН ДЗЕНЬ У ДАБРАЧЫННАЙ СТАЛОЎЦЫ Ў ЧЫКАГА


Ігар Карней, Менск

Падобных сталовак для малазабясьпечаных у ЗША шмат: у адным толькі Чыкага іх болей як дзесяць, і існуюць яны пераважна пры цэрквах. Штодня гэтак званыя “супавыя кухні” абслугоўваюць да паўтары сотні чалавек. Ня варта думаць, што гэта нейкія бамжы. Гэта не зусім так.

Натуральна, кідаецца ў вочы, што гэта людзі невысокага дабрабыту, але ў бальшыні сваёй маюць прынамсі кватэру. Апранутыя дастаткова прыстойна, шмат хто прыяжджае на роварах, некаторых падвозяць сваякі ці сябры на машынах, ёсьць сярод іх і асобы з мабільнымі тэлефонамі. Побач зь імі можна абсалютна спакойна стаяць, не баючыся, што разьесьць вочы ад паху месяцамі нямытага цела.

Дарэчы, у цэнтры, дзе я дзень працаваў валанцёрам, ёсьць душавыя кабіны, і кожны мае магчымасьць перад абедам яшчэ і памыцца. Таму бедны амэрыканец і бедны беларус — гэта, як кажуць, дзьве вялікія розьніцы.

Але царква дбае ня толькі пра тое, каб людзі наеліся. У Чыкага, у прыватнасьці, адмовіліся ад практыкі, калі людзі месьцяцца за вялізным сталом адзін насупраць аднаго. Людзі садзяццца па чатыры чалавекі за стол, і яны могуць паміж сабою кантактаваць. Што тычыцца мэню, то такой разнастастайнасьці якасна прыгатаваных страваў ня знойдзеш у беларускіх заводзкіх ці студэнцкіх сталовых. А мо нават і ў гэтак званых беларускіх пунктах хуткага харчаваньня.

Найперш, традыцыйны для Амэрыкі гамбургер — з рыбай, альбо зь мясам. Таксама талерка гарачага супу, каша — рысавая ці кукурузная. Вялікая порцыя салаты, булка з часныком, літровы пакет малака на дваіх. Можна замовіць мюсьлі, на дэсэрт садавіна. Пакідаючы гэтую кухню, бяруць з сабою чыпсы, жуйкі. Зрэшты, падобны абед у амэрыканскай рэстарацыі ці кавярні каштуе блізу 10 даляраў. Так што сярод наведнікаў такой дабрачыннай кухні нярэдка сустракаюцца і ня вельмі бедныя, а аматары заашчадзіць на абедзе.

Варта сказаць, што тут амаль няма жанчын. Абсалютная бальшыня — чарнаскурыя мужчыны. Зрэшты, на вуліцах Чыкага менавіта яны складаюць асноўны кантынгент тых, хто просіць міласьціну, трасучы плястыкавымі шклянкамі з дробязьзю. Шмат мэксыканцаў, якія жывуць пераважна нелегальна, і таму, натуральна, выкарыстоўваюць любую магчымасьць падсілкавацца задарма. Мноства новых мігрантаў, якія пакуль ня здолелі зачапіцца ні за жытло, ні за працу. Бальшыня сталых кліентаў дабрачыннай кухні — грузчыкі, прыбіральнікі.

Ёсьць і тыя, хто яшчэ нядаўна мог дазволіць сабе жыць нядрэнна, але страціў працу ці сям’ю. Прыкладам, мне запомніўся мускулісты чарнаскуры гігант, які прыехаў на матацыкле. Як ён сам сказаў, зусім нядаўна дамагаўся посьпехаў у боды-білдынгу. Але за злоўжываньне анаболікамі яго всыключылі з атлетычнага клюбу, і свой моцны апэтыт задавальняе ў гэтай сталоўцы. Так што кантынгент абсалютна розны.

На арганізацыю харчаваньня такой колькасьці людзей, здавалася б, патрэбны сталы і вялікі штат супрацоўнікаў. Але, на дзіва, штату няма ніякага. Усё робяць валанцёры, некаторыя адмыслова прыяжджаюць нават зь Нью-Ёрку. Штодня патрэбна каля дзесяці чалавек, якія стаялі б на раздачы, падавалі ежу на сталы, мылі посуд, прыбіралі памяшканьне. Царква рэгулярна дае абвесткі з просьбай дапамогі — і адгукаюцца вельмі многія. Так што іншым часам узьнікае нават чарга з тых, хто хацеў бы працаваць на кухні. Шмат арганізацыяў пералічваюць сродкі, на якія набываюцца харчы.

У Амэрыцы рэальнасьць такая, што заможныя думаюць ня толькі пра сябе, а і пра тых, каму бракуе сродкаў, каго напаткаў няпросты лёс. Увогуле кідаецца ў вочы гуманізацыя грамадзтва. Таму людзей, якія дбаюць пра лёс малазабясьпечаных, на шчасьце, нашмат болей, чым людзей бяднейшых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG