У матэрыялах для прэсы, якія падрыхтавалі арганізатары сёлетняга фэсту, адзначаецца, што “ў сучаснай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Беларусі “Басовішча” ёсьць адным зь нешматлікіх месцаў, дзе гурты, якія сьпяваюць па-беларуску, могуць прэзэнтаваць сваю творчасьць, не асьцерагаючыся перасьледу ці цэнзуры”.
Такім чынам, можна сказаць, што ў пэўнай ступені фэст вяртаецца да сваіх вытокаў. Гаворыць прэсавы сакратар “Басовішча 2003” Томаш Саевіч:
(Саевіч: ) “14 гадоў таму фэстываль узьнікаў з патрэбы бунту, каб выказацца, паказаць сябе, паказаць, што ўсё гэта – нармальна. Што беларусы ў Польшчы такія ж самыя, як і палякі ў Польшчы ці чэхі ў Чэхіі. Гэтая нармальнасьць цягам 14 гадоў захавалася і гэта, здаецца, самае важнае”.
Сёлета на фэстывалі выступяць амаль 30 гуртоў зь Беларусі і Польшчы. Акрамя ўдзельнікаў конкурснай праграмы, якія, натуральна яшчэ мала вядомыя сярод аматараў рок-музыкі, будуць граць і зоркі беларускай і польскай рок-сцэны – “Крама”, “Уліс”, NRM, Zero-85. У канцэрце возьме ўдзел, але цяпер ужо ў якасьці госьця, і леташні пераможца конкурснай праграмы – менскі гурт “Partyzone”.
(Саевіч: ) “Будзе шмат добрага беларускаго року. Будзе і беларускі рэп. Аматары цяжкай мэталёвай музыкі таксама знойдуць нешта для сябе. З польскага боку зоркай фэстывалю будзе гурт “Cool kids of death”, які перажывае цяпер сапраўдны рэнэсанс у Польшчы. Гэта гурт бунту і пратэсту і ён добра ўпісваецца ў кантэкст “Басовішча”.
Але найбольш уражвае атмасфэра фэсту – навокал беларуская мова, беларуская музыка і сапраўдная беларуская сымболіка. У мінулым годзе на “Басовішча” прыехалі каля 7 тысячаў слухачоў. Прыкладна столькі чакаецца і сёлета. Каб трапіць на фэст зь Беларусі на грамадзкім транспарце, трэба дабрацца да Горадні, пазьней да Беластоку, а ўжо адтуль да Гарадка аўтобусы ходзяць штопаўгадзіны. На аўтамабілі лепш за ўсё ехаць на пераход Баброўнікі – дарога з Баброўнікаў да Беластоку праходзіць амаль што побач фэстывальнай сцэны.
Працягвае прэсавы сакратар “Басовішча 2003” Томаш Саевіч:
(Саевіч: ) “Сардэчна ўсіх запрашаем на “Басовішча”. Як звычайна, мы рыхтуем адмысловае поле для намётаў. Гэтае поле будзе ахоўвацца, і там будзе дзе памыцца. Кошт – 2 даляры за 2 дні. Але галоўнае – гэта добрая беларуская музыка і магчымасьць сустрэцца беларусам з Польшчы зь беларусамі зь Беларусі, а таксама ўсім аматарам добрага беларускага року”.