Адкуль сьледзтва ўзяло зьвесткі пра мільёны даляраў, нібыта скрадзеныя на Менскім трактарным заводзе былым дырэктарам Міхаілам Лявонавым, дагэтуль незразумела, хаця мінула ўжо палова працэсу. Паводле вэрсіі сьледчых, дзеля атрыманьня незаконных прыбыткаў нібыта наўмысна заніжаліся адпускныя цэны на трактары. Маўляў, потым камэрсанты, якія куплялі трактары па такіх цэнах, разьлічваліся асабіста з дырэктарам.
16 ліпеня ў суд адмыслова была выкліканая сьведка, якая магла даць тлумачэньні на гэты конт. Натальля Каранец — былая загадчыца плянава-эканамічнага аддзелу. Год таму за хабарніцтва яна была асуджаная на 5 гадоў калёніі, і таму сёньня ў суд яе прывезьлі пад вартай. Не выключалася, што жанчына, якая адбывае пакараньне, будзе пацьвярджаць высновы сьледчых, але атрымалася наадварот.
Натальля Каранец даказвала, што кантракты, у эфэктыўнасьці якіх сумняюцца сьледчыя, насамрэч былі заводу карысныя. “Бартэр значна ўскладніў і заблытаў узаемаразьлікі, але не Лявонаў быў вінаваты, што пры канцы 1990-х гадоў усе працавалі па бартэру. Ён рабіў усё магчымае, каб выцягнуць прадпрыемтва з багны, у якую яно патрапіла за ягоным папярэднікам, Філіпавым”, — даводзіла сьведка.
Паводле яе, Лявонаву хутка ўдалося стабілізаваць вытворчасьць, умацаваць дысцыпліну і забясьпечыць пастаўкі. “Пастаўцы верылі ягонаму слову больш, чым урадавым гарантыям, і таму МТЗ выйшаў з крызысу”, — мяркуе Натальля Каранец. У выніку зь яе вуснаў не прагучала пацьверджаньняў вэрсіі сьледзтва пра наўмыснае заніжэньне цэнаў на трактары. “Проста рэальныя цэны не заўсёды супадалі з разьлікамі, маглі быць і ніжэйшыя, але затое не спыняўся канвэер”, — тлумачыла сьведка.
А ўвогуле Натальля Каранец лічыць, што сьледчым пракуратуры не хапае адмысловых ведаў, каб дастаткова разабрацца ў эканомічных праблемах. І сапраўды, тое, як выглядаюць прадстаўнікі пракуратуры падчас аналізу ў судзе эканамічных дакумэнтаў, паводле меркаваньня многіх назіральнікаў, пацьвярджае словы былой загадчыцы эканамічнага аддзелу МТЗ.