Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ПРАПАНАВАЛА ЛІТВЕ СУМЕСНА АХОЎВАЦЬ ІГНАЛІНСКУЮ АТАМНУЮ ЭЛЕКТРАСТАНЦЫЮ

Ганна Соусь, Прага

Беларусь занепакоеная тым, што для абароны Ігналінскай АЭС недастаткова сіл й сродкаў. Гэтак заявіў камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Алег Пафёнаў. Паводле яго, літоўскі бок зараз разглядае беларускую прапанову аб супольнай ахове станцыі. Але, як заявіў для Радыё Свабода віцэ-міністар аховы краю Літвы Ёнас Гячас, ягоная ўстанова не атрымлівала ад Беларусі падобных прапановаў.

(Ёнас Гячас: ) “Я зараз выконваю абавязкі міністра аховы края Літвы й атрымліваю практычна ўсе дакумэнты, якія прыходзяць у міністэрства. Тым больш такога кшталту заяву, што была зробленая... Аднак я пакуль такога дакумэнту не атрымаў. І таму мне зараз цяжка казаць пра тое, што будзе рабіць Літва. Калі мы атрымаем гэтую прапанову, то абмяркуем усе магчымыя варыянты й прымем рашэньне, якое будзе карысна й для Літвы й для Беларусі”.

Сёньня ж сакратар гэтага міністэрства Повілас Малакаўскас, камэнтуючы выказваньні генерал-маёра Пафёнава, заявіў, што Літва забясьпечвае такую абарону паветранай прасторы над Ігналінскай АЭС, якую лічыць патрэбнай з улікам існуючых пагрозаў ды іншых абставінаў. А дырэктар інстытуту міжнародных адносінаў і палітычных навук Віленскага ўнівэрсытэту Раймондас Лапата назваў беларускую прапанову аб супольнай ахове паветранай прасторы над Ігналінай проста сьмешнай.

(Лапата: ) “Такую заклапочанасьць беларускія ўлады выказвалі й раней. А калі казаць сур'ёзна, то бясьпека Ігналінскай атамнай станцыі гарантуецца ня толькі звонку, але й ўнутры таксама. Увогуле яна лічыцца адной з самых бясьпечных станцыяў такога тыпу ў Эўропе. Такім чынам, няма патрэбы прасіць ці пазытыўна адказваць на такія прапановы беларускага боку. Проста сьмешна, я думаю. А калі разглядаць сытуацыю ў кантэксьце магчымых тэрактаў, то беларускі бок павінен больш непакоіцца пра бясьпеку сваёй краіны. І маючы на ўвазе тое, што Ігналінская АЭС сапраўды знаходзіцца побач з беларускай тэрыторыяй, рашэньне мусіць быць вельмі простае – забясьпечыць, каб такія пагрозы не маглі ўзнікнуць з беларускай тэрыторыі. Вось і усё”.
XS
SM
MD
LG